Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатку Саньнікава Марыну Кавалеўскую ня выпусьцілі зь Беларусі


Памежнікі не далі магчымасьці пакінуць тэрыторыю Беларусі адвакатцы былога палітвязьня Андрэя Саньнікава Марыне Кавалеўскай.

«Разам з мужам і трохгадовым сынам я зьбіралася наведаць Вільню, каб адпачыць. Я спэцыяльна для гэтага ўзяла адпачынак і была вельмі зьдзіўленая, калі мяне не прапусьцілі памежнікі. Прычын мне не патлумачылі, іх трэба будзе ўдакладняць у аддзеле грамадзянства і міграцыі. Але я падазраю, што яны будуць незаконнымі, фальшывымі...

Гэтую забарону я зьвязваю выключана са спэцыфікай справаў, у якіх я працую. І гэта выклікае ў мяне шчыры жаль, бо ў сваёй працы я кіруюся выключна законам, абараняю законныя правы і інтарэсы маіх падабаронных», — распавяла «Свабодзе» Марына Кавалеўская.

Па дапамогу ў гэтай справе Марына Кавалеўская зьбіраецца зьвяртацца ў Менскую калегію адвакатаў.

Самога Саньнікава сёньня беларускія памежныя службы зьнялі зь цягніка на Вільню і правялі асабісты мытны надгляд з распрананьнем.

Іншы адвакат Андрэя Саньнікава, Андрэй Варвашэвіч, раней пад ціскам уладаў страціў ліцэнзію.
XS
SM
MD
LG