Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждума Расеі прыняла закон, які значна павялічвае жорсткасьць пакараньня за парушэньні парадку правядзеньня мітынгаў і дэманстрацый. 6 чэрвеня гэты дакумэнт ухваліў расейскі Савет Фэдэрацыі. Ці выглядае новы закон больш жорсткім параўнальна зь беларускім? Як гэта можа ўплываць на сытуацыю ў Беларусі?

Расейскі закон у дзясяткі разоў — больш чым да 9 тысяч даляраў — павялічвае штрафы за парушэньні на мітынгах, уводзіць абавязковыя працы для парушальнікаў, дае права мясцовым уладам абвяшчаць пэўныя часткі гораду недаступнымі для публічных акцыяў, забараняе прыходзіць на мітынгі ў масках і ўводзіць пакараньне за арганізацыю несанкцыянаваных акцыяў пад выглядам масавага збору грамадзянаў або «гуляньняў» — калі гэта пацягнула за сабой парушэньне грамадзкага парадку.

Акрамя таго, арганізатарамі публічнага мерапрыемства ня змогуць выступаць грамадзяне, якія два і больш разоў цягам аднаго году прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Цяпер дакумэнт пададзены на подпіс прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну.

Паводле кіраўніка расейскага Цэнтру разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека Юрыя Джыбладзэ, новы закон адлюстроўвае страх улады перад грамадзтвам і мае надзвычай рэпрэсіўны характар. Шмат якія новаўвядзеньні, паводле Джыбладзэ, нагадваюць заканадаўства ў Беларусі.

«Мы бачым усе гэтыя гады, што недэмакратычныя рэжымы вучацца, абменьваюцца вопытам, проста капіююць законы і практыкі. Гэта тычыцца Расеі і Беларусі і іншых краінаў былога Савецкага Саюзу. Гэта фармаваньне такога аўтарытарнага інтэрнацыяналу, калі ствараюцца ня толькі фармальныя саюзы накшталт АДКБ, Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы, але і нефармальныя саюзы, дзе заканадаўства пра няўрадавыя арганізацыі, пра мітынгі і дэманстрацыі проста перапісваюцца. І атрымліваецца, што па чарзе нашы краіны адна адну то абганяюць, то вучацца адна ў адной. Зусім можна чакаць уплыву такога рэпрэсіўнага закону на Беларусь. І наадварот, тое, што адбываецца ў Беларусі, часта расцэньваюць як палігон», — кажа Джыбладзэ.

Паводле старшыні БХК Алега Гулака, расейскі закон стаў падобны да беларускага і кіруецца той жа самай лёгікай: «Тая ж самая лёгіка па фармулёўках, што любая прысутнасьць некалькіх людзей у нейкім месцы трапляе пад азначэньне гэтай масавай акцыі. І штрафы можна параўноўваць — але ў любым выпадку яны вар’яцкія. Далей пытаньне, як ён будзе выкарыстоўвацца, бо па ім фактычна любую чаргу каля крамы можна прызнаць масавай акцыяй. А наша практыка паказвае, што можна нават і прыдумаць сытуацыю».

Старшыня Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова адзначыла, што расейскі закон — гэта адказ уладаў на падвышэньне актыўнасьці грамадзянаў.

Яна лічыць, што Расея ідзе шляхам Беларусі: «У Беларусі таксама ў адказ на падзеі Плошчы 19 сьнежня ў даволі сьпешным і закрытым парадку пагаршалася прававое становішча адносна свабоды сходаў. На сёньняшні дзень практыка беларускіх адміністрацыйных судоў таксама ідзе шляхам вынясеньня штрафаў і адміністратыўных арыштаў. Разгляд такіх спраў адбываецца не на карысьць міжнародных стандартаў і Канстытуцыі. Я лічу. што патрабаваньні беларускага заканадаўства адносна свабоды сходаў больш жорсткія, чым у Расеі, нават з улікам тых зьменаў».

Паводле лідэра кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімера Някляева, Расея вырашала скарыстаць мадэль, апрабаваную ў Беларусі: «Сытуацыя, якая склалася ў Беларусі ў зьвязку з прыняцьцём падобных законаў, дазваляе рэжыму эфэктыўна падаўляць супраціў палітычных партый і грамадзянскай супольнасьці. І таму гэтая мадэль, якая пасьпяхова працуе ў Беларусі, прайшла апрабацыю. Суседняя краіна вырашыла скарыстаць для сябе».

Ці могуць беларускія ўлады, гледзячы на маскоўскі досьвед, яшчэ больш павялічыць штрафы за акцыі пратэсту? Ці можа хто ў беларускай апазыцыі заплаціць, да прыкладу, 9 тысяч даляраў за мітынг?

«Я ня ведаю, хто ў беларускай апазыцыі можа заплаціць 9 тысяч даляраў штрафу, бо я нават не ўяўлю, хто з прадпрымальнікаў, якія лічацца багатымі ў нас, могуць такія грошы заплаціць. То бок, калі гэта зробяць, гэта проста будзе ўжо ідыятызм. Ён гэтак выглядае і ў Расеі. Навошта нам нейкія штрафы, калі карныя органы эфэктыўна спраўляюцца дубінкамі?», — аказаў Уладзімер Някляеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG