Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Калгас памёр: усё расьцягнулі, больш красьці няма чаго»


Bosnia-Herzegovina, Letters, undated

Bosnia-Herzegovina, Letters, undated

Многія слухачы «Свабоды» — вясковыя жыхары сталага веку, якія па даўняй звычцы, што склалася на працягу дзесяцігодзьдзяў, ловяць нашу хвалю праз шум і трэск у эфіры з дапамогай сваіх старэнькіх «Акіянаў», «ВЭФаў» ды «Верасоў». Іхныя развагі пра вясковае жыцьцё, якія грунтуюцца на багатым досьведзе і асабістых назіраньнях, асабліва вылучаюцца ў пошце «Свабоды».

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, чарговы раз паведамляючы апошнія вясковыя навіны, піша:

«Адным калгасам у нашым раёне стала меней: збанкрутавала гаспадарка ў вёсцы Ланская. Тэхніку дабілі да ручкі, усё астатняе — таксама. Цяпер далучаюць да прадпрыемства „Савушкін прадукт“. Я вось усё думаў, чаму памёр гэты калгас? Як ні круці — адказ адзін: усё расьцягнулі, больш красьці няма чаго...

Там, дзе красьці яшчэ ёсьць што, крадуць як могуць. У нас на адной фэрме загадчыца неяк украла 7 мяхоў вотруб’я і 40-літровы бітон малака. Убачыўшы, што загадчыца так сьмела бярэ, даярка вырашыла не адставаць: прыхапіла і сабе мяхоў пяць... Дык іх злавілі. Загадчыцу старшыня і ўчастковы звольнілі з працы. Бяз працы засталася і даярка. Дык гэта тыя, каго злавілі... А колькім удалося беспакарана дацягнуць калгаснае да ўласнай пуні!

Збанкрутавала гаспадарка ў вёсцы Ланская.. Цяпер далучаюць да прадпрыемства „Савушкін прадукт“

Прынесьці з фэрмы тры літры малака і мех вотруб’я — гэта звычайная справа, ніхто гэтаму не зьдзіўляецца. „Яно ж само да рук прыліпае, — кажуць „несуны“. — Начальнікі крадуць — прыклад падаюць. А мы чым горшыя?“

Вось нядаўна настала пара садзіць бульбу. Раскрылі бурты, нарыхтаваныя з восені — а там амаль пуста. Пакралі. Цяпер ня садзяць. Дакраліся вось да якога стану.

І што з такімі рабіць? Пры Сталіну калісьці за сем украдзеных снапоў давалі сем год ГУЛАГу. Пры Гітлеру за крадзяжы стралялі і вешалі. Сам я неяк працаваў вартаўніком на пасадках трускалак — нагледзеўся ўсякага. І вось думаю: пры калгасах наша насельніцтва гэтак навучылася красьці, што бяз шыбеніцы адвучыць яго, і праўда, немагчыма».

Маральныя падмуркі беларускай вёскі за савецкім часам значна пахіснуліся і разбурыліся — тут сумневу няма, спадар Павал. Варта, аднак, адзначыць, што цярплівае і паблажлівае стаўленьне існуе ў грамадзкай думцы толькі да крадзяжоў з калгаснага поля ці фэрмы. І гэтаму ёсьць простае і зразумелае тлумачэньне. У людзей у свой час гвалтам забралі ў калгас зямлю, коней, кароў, інвэнтар, нават пабудовы. І дзесяцігодзьдзямі плацілі за цяжкую працу мізэрныя грошы. Так што чалавек, які валачэ з калгаснага поля мех бульбы, сур’ёзным злодзеем у вачах вясковага насельніцтва не выглядае. Сустрэўшы, ніхто яго ўшчуваць (а тым больш тэлефанаваць у міліцыю) ня будзе — хіба толькі асабісты вораг.

Іншая справа, калі нехта паспрабуе ўкрасьці той жа мех бульбы з чыіхсьці асабістых сотак. Такога зладзюгу будуць лавіць усёй вёскай — здадуць у міліцыю, ды яшчэ і кухталёў надаюць. Так што галоўная прычына тут, спадар Павал, усё ж не ў падзеньні нораваў і ня ў звычцы да крадзяжу — а ў форме ўласнасьці, у нежыцьцяздольнасьці калгаснага ладу.

Ігнат Гавенскі з Полацку адшукаў сярод старых газэт нумар «Советской Белоруссии» за 2004 год, калі Лукашэнка рыхтаваў рэфэрэндум аб пажыцьцёвым прэзыдэнцтве. Галоўнае прапагандысцкае выданьне, апрацоўваючы грамадзкую думку, апісвала жахі, зь якімі нібыта сутыкнецца Беларусь, калі застанецца без Лукашэнкі. Пералік гэтых страшных наступстваў падаўся Ігнату Гавенскаму адметным. Тым больш, што цяпер, калі мінула восем год, іх можна параўнаць зь сёньняшнімі беларускімі рэаліямі.

Слухач піша: «Страх нумар адзін: без Лукашэнкі Беларусь уступіць у заходні блёк і стане аб’ектам нападу з боку міжнародных тэрарыстаў. Што ж, з Лукашэнкам мы ўступілі не ў заходні, а ва ўсходні блёк. І з Усходу праз нас пнуцца на Захад тысячы нелегалаў (азіятаў і афрыканцаў), якія значна ўплываюць на крымінагенную сытуацыю ў краіне. Што да тэрарыстаў, то пры Лукашэнку беларусам давялося сутыкнуцца і зь імі — праўда, не зь міжнароднымі, а са сваімі ўласнымі, узгадаванымі ў Лукашэнкавай сыстэме адукацыі і выхаваньня.

Лукашэнка зрабіў з нашай краіны нейкую бананава-бульбяную дыктатуру. Але ягоны зорны час скончыўся: экватар ягонага панаваньня ў Беларусі застаўся далёка ззаду

Другі тэзіс: жахі рынкавых рэформаў, якія абрынуцца на беларусаў без Лукашэнкі (інфляцыя, беспрацоўе, павелічэньне дзяржаўнага доўгу). Дык вось, такой інфляцыі і дэвальвацыі, як летась у Беларусі, не было нідзе ў Эўропе. Беспрацоўе ў Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, вельмі нізкае, але ў сапраўднасьці ўсе ведаюць, што беспрацоўных — сотні тысяч. Проста дзяржава пайшла на хітрыкі: каб беспрацоўныя не рэгістраваліся, грашовую дапамогу ім прызначылі мізэрную. Да таго ж дзеля яе атрыманьня ўвялі яшчэ і абавязковую адпрацоўку на розных непрэстыжных працах.

Трэці тэзіс: без Лукашэнкі пачнецца прыватызацыя, краіна страціць незалежнасьць, збанкрутуюць калгасы, раскашаваць будуць толькі алігархі... Як напісана ў старой «Советской Белоруссии», «зьявіцца дзясятак мільярдэраў і мільёны беднякоў». Ну, нібы ў ваду глядзела прэзыдэнцкая газэта: усё так і адбылося. Толькі ня БЕЗ Лукашэнкі, а ЗЬ ІМ, пры ягоным непасрэдным удзеле і спрыяньні.

Чацьверты тэзіс: рэзка вырастуць злачыннасьць і алькагалізм. Што да алькагалізму, дык спойваньне насельніцтва ідзе поўным ходам: колькасьць алькаголікаў расьце адначасова з ростам вытворчасьці і продажу алькаголю. А наконт злачыннасьці — дык у якой яшчэ краіне такі распаўсюд атрымаў міліцэйскі гвалт? Згадайма хаця б мінулае лета, акцыі маўклівага пратэсту і тое, як іх разганялі.

Лукашэнка зрабіў з нашай краіны нейкую бананава-бульбяную дыктатуру. Але ягоны зорны час скончыўся: экватар ягонага панаваньня ў Беларусі застаўся далёка ззаду. Я ў гэтым перакананы, як і ў тым, што цяпер трэба думаць пра тое, якой стане Беларусь без Лукашэнкі. Трэба зрабіць усё магчымае, каб дыктатура ў Беларусі не ўзнавілася пры новым прэзыдэнце».

Што ж, спадар Ігнат, чытаньне старых газэт бывае часам вельмі цікавым і павучальным. Сапраўды, Лукашэнка з самага пачатку сваёй палітычнай кар’еры актыўна эксплюатаваў папулярныя лёзунгі сацыяльнай справядлівасьці, роўнасьці, барацьбы з прывілеямі чыноўнікаў, з карупцыяй. Але калі прааналізаваць вынікі гэтага змаганьня за 18 год мала чым абмежаванай улады, дык цяжка не прыйсьці да высновы, што барацьба прывяла да наступстваў прама процілеглых тым, якія абяцаліся народу... Станіслаў Шушкевіч калісьці фігураваў у справаздачы дэпутата Лукашэнкі ледзь не як асноўны карупцыянэр за падазрэньні ў тым, што нібыта несвоечасова аплаціў паслугі будаўнічай брыгады пры рамонце пабудаванага ўласнымі рукамі сьціплага лецішча. Сёньня высокапастаўленыя чыноўнікі са згоды Лукашэнкі за бесцань атрымліваюць зямельныя ўчасткі і катэджы коштам па мільёну даляраў у Драздах.

На пачатку 90-х гадоў постсавецкую намэнклятуру чыхвосьцілі за прадуктовыя наборы з вэнджанай каўбасой і бляшанкай шпротаў — прывілей коштам некалькі даляраў. Сёньняшнія чыноўнікі атрымалі легальнае права на асаблівы парадак налічэньня для сябе пэнсіі — непараўнальны з тым, які прымяняецца датычна ўсіх іншых грамадзянаў. У выніку так званыя «слугі народу» пажыцьцёва атрымліваюць зь дзяржаўнага бюджэту ільготныя пэнсіі — а гэта мільярды даляраў народных грошай...

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам, — на тэму чарговай пампэзнай новабудоўлі ў Менску: новага будынка музэю гісторыі вайны. Цяпер на гэтую тэму ў дзяржаўных мэдыях вельмі шмат паведамленьняў. Пачуўшы па радыё гутарку з дырэктарам музэю Сяргеем Азаронкам, спадар Кастусь піша:

«Па-першае, чаму музэй так названы — „гісторыі Вялікай Айчыннай вайны“? Як вядома, тэрмін „Вялікая Айчынная“ зьвязаны з Савецкім Саюзам, у якім лічылася, што вайна гэтая пачалася 22 чэрвеня 1941 году. СССР даўно няма, мы — частка Эўропы, а не СССР, тады чаму музэй не назваць музэем гісторыі Другой Усясьветнай вайны? Яна ж, як вядома, пачалася 1 верасьня 1939 году нападам Нямеччыны на Польшчу. Баявыя дзеяньні на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаліся 17 верасьня 1939-га, калі савецкія войскі перасеклі мяжу з Польшчай, і маюць самае непасрэднае дачыненьне да нашай беларускай дзяржавы. Фактычна ў гэты дзень і СССР уступіў у вайну. І адна, і другая падзеі наўпрост зьвязаныя з падпісаньнем 23 жніўня 1939 году пакту Молатава — Рыбэнтропа. І экспазыцыю музэю лягічна было б пачынаць прынамсі зь перадгісторыі гэтых трох падзеяў — 23 жніўня, 1 верасьня, 17 верасьня. І таму назва ў музэю павінна быць адпаведная.

Але больш мяне зьдзівіла іншае. Азаронак паскардзіўся, што новаму музэю нестае экспанатаў, дакладней — тэхнікі часоў вайны, асабліва нямецкай. І тут мне захацелася заспакоіць дырэктара. Гэта ж для вас вельмі добра, што той тэхнікі не засталося! Інакш ляснулася б уся ваша ідэалёгія, якая грунтуецца на Вялікай Айчыннай вайне».

Далей у сваім лісьце Кастусь Сырэль падрабязна аналізуе вартасьці і заганы ваеннай тэхнікі, якой ваявалі Чырвоная Армія і вэрмахт, і робіць выснову, што Савецкі Саюз быў узброены лепш і больш, чым фашысцкая Нямеччына. А на заканчэньне слухач піша:

Новы музэй правільней будзе назваць «Музэй Фальсыфікаванай Гісторыі»

«Дык вось, для нашых гісторыкаў ды ідэолягаў вельмі добра, што ўся нікчэмная нямецкая бронетанкавая тэхніка пачатку вайны трапіла на пераплаўку — у шараговых наведвальнікаў новага музэю ня будуць узьнікаць нязручныя пытаньні кшталту: «Як жа гэта так? Краіна недаядала, недасыпала, мерла ад голаду, усё аддавала на абарону. Мы мелі такую перавагу над ворагам па ўсіх кірунках — а Менск здалі на шосты дзень вайны! Праз тры месяцы немцы стаялі пад Масквой, і Маскву не ўзялі толькі таму, што ня здолелі пераадолець тыя горы трупаў, што на іх шляху паклала камандаваньне РККА і кіраўніцтва краіны!»

А калі зноў не адказваць на такія нязручныя пытаньні ці зноў баяць байкі пра нечаканасьць і раптоўнасьць вайны, то новы музэй правільней будзе назваць «Музэй Фальсыфікаванай Гісторыі».

Ня ведаю, спадар Кастусь, ці маеце вы рацыю, сьцьвярджаючы, што савецкая ваенная тэхніка пачатковага пэрыяду вайны мела вялікія перавагі над тэхнікай нямецкай. Перавага была ў колькасьці — гэта праўда. Але што да якасьці — тут пытаньне спрэчнае... Успомнім: савецкая ваенная машына, нягледзячы на свае вялізныя памеры, ня здолела паставіць на калені маленькую фінскую армію зімой 1940-га: у выніку Фінляндыя, насуперак крамлёўскім плянам, ня стала ўсьлед за краінамі Балтыі чарговай савецкай рэспублікай. У той самы час гітлераўская армія за некалькі тыдняў адолела моцную і добра ўзброеную армію Францыі, акупавала Югаславію, Данію, Нарвэгію...

Што да тэрміну «Вялікая Айчынная вайна» — то тут вы, на маю думку, цалкам маеце рацыю. Прынамсі для паловы насельніцтва Беларусі вайна пачалася 1 верасьня 1939-га году. Сотні тысяч беларусаў былі прызваныя тады ў армію, многія зь іх ваявалі, трапілі ў нямецкі альбо савецкі палон... Дый для значнай часткі цывільнага насельніцтва Заходняй Беларусі ўсталяваньне савецкага рэжыму, па сутнасьці, стала выпрабаваньнем, параўнальным з ваенным ліхалецьцем. Калі гісторыя ў Беларусі перастане быць прыслужніцай ідэалёгіі — галоўны ваенны музэй будзе называцца Музэем Другой усясьветнай вайны — у гэтым няма ніякіх сумневаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG