Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей у Кітаі: Лукашэнка падпісаў указ аб індустрыяльным парку ў Смалявічах


Подпісы супраць будаўніцтва парку. Архіўнае фота

Подпісы супраць будаўніцтва парку. Архіўнае фота

Наведваючы Кітайскую Народную Рэспубліку, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей выказаў спадзяваньне на ўмацаваньне міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў галіне высокіх тэхналёгій.

Пра гэта Макей заявіў на прэсавай канфэрэнцыі 5 чэрвеня ў амбасадзе Беларусі ў Пэкіне. У прыватнасьці, ён паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку ў раёне Смалявічаў, супраць якога ўжо не адзін месяц пратэстуюць мясцовыя дачнікі, а таксама актывісты кампаніі «Гавары праўду».

На пікеты супраць будаўніцтва аб’ектаў тэхнапарку на месцы лецішчаў зьбіраліся сотні чалавек, па выніках судовых працэсаў ініцыятары пратэстаў зьмяшчаліся пад адміністрацыйныя арышты.

Гаворыць актывістка смалявіцкага супраціву кітайскай экспансіі Валянціна Каляка: «Ці гэта настолькі завуалявана, ці трымаецца пад грыфам „абсалютна сакрэтна“, але атрымліваецца, што такім чынам улады на нас проста плююць. І ня толькі на нас, што тычыцца нашага Смалявіцкага раёну, яны на ўсё наша грамадзтва плююць. Гэта тады ўвогуле жахліва. Калі Лукашэнка хоча для сябе праблемаў, няхай падпісвае. Але народ настроены гранічна нэгатыўна. І калі яны хочуць масавых хваляваньняў, то няхай тады менавіта так і абыходзяцца з народам. Вось яны што дэманструюць? З намі прынцыпова не сустракаюцца, нічога нам не гавораць, ніяк людзей не супакойваюць. Штосьці сваё задумалі, паехалі ў той жа Кітай і нешта там заяўляюць. Але яшчэ раз кажу: калі яны хочуць стварыць праблемы для сябе, то яны іх створаць. Для выбуху патрэбная толькі іскра».

Тым часам Уладзімер Макей заявіў у Пэкіне, што ўзаемавыгаднасьць праекту індустрыяльнага парку відавочная як для Беларусі, так і для Кітаю. Па яго словах, рэалізацыя ініцыятывы дазволіць Беларусі прыцягнуць «перадавыя кітайскія тэхналёгіі, інавацыі і высокатэхналягічнае абсталяваньне». Сёньня беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам Макея наведае Шанхай і Сучжоў, дзе ўжо функцыянуе аналягічны кітайска-сінгапурскі індустрыяльны парк.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG