Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў паведаміў, што расейскі бок вывучае сытуацыю з экспартам нафтапрадуктаў зь Беларусі ў заходнім кірунку: «Мы бачым, што зь Беларусі на Захад вывозіцца больш нафтапрадуктаў, чым іх наагул можна зрабіць з той нафты, якая паступае ў вашу краіну з Расеі».

Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў правёў у Менску прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную нацыянальнаму сьвяту ягонай краіны.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, дыплямат выказаў меркаваньне, што Беларусь і Расея аднолькава зацікаўленыя ў выкананьні шэрагу эканамічных праектаў. У прыватнасьці, ён сказаў, што трэба разьвязваць праект аўтамабілебудаўнікоў па аб’яднаньні беларускага МАЗа і расейскага КАМАЗа. «Калі мы гэтага ня зробім, дык Кітай нас абодвух па чарзе раздушыць», — сказаў амбасадар Сурыкаў.

Сурыкаў сказаў, што расейцаў таксама цікавяць супольныя праекты ў галіне калійных угнаеньняў і нафтавыя праекты. Амбасадар Сурыкаў паведаміў, што расейскі бок зараз вывучае сытуацыю з экспартам нафтапрадуктаў зь Беларусі ў заходнім кірунку.

«Мы бачым, — сказаў амбасадар Сурыкаў, — што зь Беларусі на Захад вывозіцца больш нафтапрадуктаў, чым іх наагул можна зрабіць з той нафты, якая паступае ў вашу краіну з Расеі. Мы ведаем гэтыя гісторыі пра разбаўляльнікі, і зараз эканамісты вывучаюць гэтую праблему. Мы ня супраць таго, каб Беларусь рээкспартавала свае прадукты з нашай нафты ў іншыя краіны, але толькі пры ўмове, што Беларусь заплаціць адпаведнае мыта ў расейскі бюджэт».

Амбасадар Сурыкаў чарговым разам закрануў тэму магчымага сумеснага выпуску аўтамабіляў беларуска-кітайскай вытворчасьці. Ён сказаў, што калі гэты праект будзе ажыцьцяўляцца, дык «гэта стане прадметам сур’ёзных абмеркаваньняў у Расеі».

Даведка «Свабоды»

Беларускія эканамісты Яраслаў Раманчук і Леанід Заіка, падсумоўваючы эканамічныя вынікі 2011 году, зьвярнулі ўвагу на тое, што Беларусь нечакана стала ўсясьветным лідэрам па вытворчасьці растваральнікаў і разбаўляльнікаў для лякаў, фарбаў і змазачных матэрыялаў.

Ужо тады экспэрты заўважылі — гэтыя тавары чамусьці прадаюцца толькі тым краінам, якім Беларусь афіцыйна пастаўляе бэнзін і дызпаліва. А транзыт грузаў ідзе выключна праз Латвію.

Эканамісты выказалі сваю вэрсію: насамрэч Беларусь пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў прадае бэнзін і дызпаліва. А ўся хітрасьць у тым, што з энэргетычных прадуктаў абавязкова трэба плаціць мыта расейцам. А хімічныя прадукты ад мыта вызваляюцца.

Беларуская статыстыка паказвае, што летась у Латвію пастаўлена 1,5 мільёна тон растваральнікаў і разбаўляльнікаў, латыская — меней за 200 тысяч. Затое латыскі порт беларусы загрузілі летась так моцна, як ніколі раней.

Для Беларусі — апора, для Расеі — небясьпека


Беларусі і Расеі на эканамічным рынку пагражае моцны канкурэнт — Кітай. Такое меркаваньне выказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў. Ён заклікаў Беларусь і Расею аб’яднаць свае намаганьні ў шэрагу праектаў.

Амбасадар Сурыкаў сказаў, што Беларусь і Расея аднолькава зацікаўленыя ў рэалізацыі шэрагу эканамічных праектаў. Сярод іх найперш назваў сумесныя праекты нафтавікоў, калійшчыкаў, аўтабудаўнікоў:

«Ёсьць інтарэсы аўтамабілебудаўнікоў — МАЗ і КамАЗ. Інакш іх Кітай раздушыць альбо па чарзе, альбо разам сваёй вытворчасьцю вялікагрузных аўтамабіляў. І тут двухбаковыя інтарэсы. Там ідуць размовы, чым яны скончацца і што канчаткова сфармуецца — холдынг ці сумеснае прадпрыемства? Вось такім чынам».

Насьцярожана ставіцца расейскі дыплямат і да прыходу кітайцаў у вытворчасьць легкавых аўто на тэрыторыі Беларусі. Ён сказаў, што калі гэты праект будзе ажыцьцяўляцца, дык «гэта стане прадметам сур’ёзных абмеркаваньняў у Расеі». А калі журналісты нагадалі амбасадару, што і Расея плянуе аналягічны праект з кітайцамі, то ён адказаў, што такой вытворчасьці ў Расеі ня будзе.

«І справа тут ня толькі ў тым, што Кітай — самы сур’ёзны канкурэнт для любой краіны сьвету», — адзначае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман. «Бо калі разглядаць дачыненьні ў такім трохкутніку, як Беларусь — Расея — Кітай, то тут зьяўляюцца дадатковыя вельмі важныя нюансы. Відавочна, што для Расеі, якая хоча выбудаваць эўразійскую прастору, Кітай становіцца канкурэнтам у рэалізацыі яе інтарэсаў. І ня толькі на эканамічнай прасторы, але і ў палітычным сэнсе. Бо Кітай для Беларусі, і, я думаю, для Казахстану таксама, становіцца ўсё больш важкай апорай, у тым ліку і геапалітычнай. Як супрацьвага менавіта Расеі».

«Для Расеі кітайская экспансія — і ня толькі на расейскі Ўсход, але і на любую тэрыторыю былога СССР — вельмі вялікая небясьпека», — кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі. «Гэта той выпадак, калі геапалітычныя інтарэсы Беларусі і Расеі не супадаюць. І гэта паказвае няслушнасьць фразаў пра тое, што ў Беларусі і Расеі аднолькавая палітыка, аднолькавыя інтарэсы. Маленькая Беларусь, адрозна ад Расеі, далёка ад Кітаю. Тут разумеюць, што акупацыі ня будзе. А разам з тым можна ствараць, і нядаўна пра гэта сказаў Лукашэнка, трэцюю апору ў замежнай палітыцы. Сапраўды, для Беларусі Кітай — гэта магчымасьць у пэўнай ступені ўратавацца ад расейскага прэсінгу».

«Адзіная эканамічная прастора стваралася пад дыктоўку Масквы для расейскіх вытворцаў. І таму расейцы, зразумела, ня хочуць бачыць на ёй канкурэнтаў. Аднак вось тут і сутыкаюцца розныя інтарэсы Масквы і Менску», — тлумачыць Яўген Прэйгерман. «Для Беларусі важна гуляць на геапалітычных і эканамічных інтарэсах і дамагацца ад Расеі бонусаў за ўдзел у маскоўскіх праектах. Таму Кітай і становіцца для беларусаў хутчэй апорай, чым перашкодай. Нездарма вядуцца ўвесь час размовы пра новыя кітайскія інвэстпраекты. Бо гэта і дывэрсыфікацыя ў пэўнай ступені, і супрацьфактар расейскім інтарэсам у Беларусі».


Сурыкаў: «Не хачу сказаць, што гэта тэрарызм…»


Амбасадар Сурыкаў сёньня даў ацэнку дзеяньням анархістаў, якія ў жніўні 2010 году кінулі бутэлькі з "кактэйлем Молатава" на тэрыторыю амбасады Расеі ў Менску:

«Я не магу адносіць такіх людзей да палітвязьняў. Калі б іх арыштавалі на тэрыторыі Расеі, то яны пэўна б сядзелі. Не хачу сказаць, што гэта тэрарызм, але сама менш – злоснае хуліганства».

Дыплямат таксама адзначыў, што ў Беларусі няма палітзьняволеных у разуменьні беларускага заканадаўства, паколькі тут адсутнічае само паняцьце "палітзьняволены". Але эўрапейская і заатлянтычная супольнасьць лічаць, што тым ня менш ёсьць парушэньні правоў, і нейкія людзі адносяцца да палітвязьняў".

27 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску вынес прысуд групе анархістаў, якіх абвінавацілі ў сэрыі падпалаў дзяржаўных установаў, у тым ліку і амбасады Расеі. Ігар Аліневіч атрымаў 8 гадоў, Мікалай Дзядок – 4,5, Аляксандар Францкевіч – 3 гады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG