Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці транш крэдыту ЭўрАзЭС Беларусь атрымае пасьля адмашкі Пуціна


Ужо на наступным тыдні Беларусь можа атрымаць трэці транш стабілізацыйнага крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у памеры 440 мільёнаў даляраў.

Агульная сума, ухваленая для Беларусі, складае 3 мільярды даляраў, якія краіна мае атрымаць цягам 2011–2013 гадоў. Грошы павінны былі прыйсьці ў Беларусь яшчэ на пачатку 2012-га, аднак беларускія ўлады так і ня выканалі шэраг умоваў у галіне макраэканамічнай палітыкі, выстаўленых фондам.

Між тым падчас нядаўняга візыту ў Менск прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін выказаўся за тое, каб пералічыць Беларусі трэці транш крэдыту і пачаць перамовы адносна чацьвёртай часткі пазыкі, якую Нацыянальны банк павінен залічыць на свае рахункі да канца году.

Як кажа фінансавы аналітык кампаніі «Business Forecast» Аляксандар Муха, сродкі калі і пойдуць у Беларусь, то выключна дзякуючы палітычнай волі кіраўніка Расеі, а не з-за структурных рэформаў, якіх бясплённа патрабуюць ад Менску міжнародныя арганізацыі:

«Хутчэй за ўсё, сытуацыя праясьнілася менавіта па выніках візыту прэзыдэнта Расеі ў Беларусь, і цяпер можна казаць, што адзін з двух траншаў прынамсі летам бягучага году ўсё ж паступіць. У дадзеным выпадку гаворка вядзецца пра так званыя „камфортныя“ грошы, і такія рэсурсы насамрэч прыцягваць можна і трэба. Таму што, па вялікім рахунку, у нас так ці інакш у сярэднетэрміновай пэрспэктыве захоўваецца патрэба ў зьнешнім фінансаваньні, каб, у прыватнасьці, ажыцьцяўляць плацяжы, зьвязаныя з пагашэньнем і абслугоўваньнем раней прыцягнутых замежных крэдытаў і пазыкаў. Як прыклад — той жа першы рэзэрвовы крэдыт Міжнароднага валютнага фонду, па якім адбываецца павелічэньне плацяжоў з боку Беларусі на адрас фонду».

Роўна год таму, у чэрвені 2011 году, Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭс ухваліў выдзяленьне крэдыту ў памеры 3 мільярды даляраў дзеля стабілізацыі плацёжнага балянсу Беларусі, якая сур’ёзна цярпела ад валютнага крызісу. Цягам мінулага году на рахункі Нацыянальнага банку трыма траншамі паступілі больш за 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў, сёлета меркавалася атрымаць яшчэ два — на 880 мільёнаў даляраў. І хоць першыя 440 мільёнаў чакаліся яшчэ ў лютым, грошы да адрасата пакуль што так і не дайшлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG