Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца наведаў Бяляцкага ў турме


5 чэрвеня сябра праўленьня Грамадзкага аб’яднаньня «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» Віктар Сідарэнка наведаў Бабруйскую папраўчую калёнію № 2, дзе сустрэўся з асуджаным праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

Магчымасьць наведаць бабруйскую калёнію і асуджанага праваабаронцу зьявілася ў Віктара Сідарэнкі таму, што ён старшыня грамадзкай назіральнай камісіі пры Галоўным упраўленьні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму па наглядзе за месцамі пазбаўленьня волі ў Магілёўскай вобласьці, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Нагодай для сустрэчы была скарга праваабаронцы Насты Лойкі на тое, што да Алеся Бяляцкага не даходзіла паштовая карэспандэнцыя. Упраўленьне юстыцыі дало камісіі дазвол спраўдзіць гэтыя зьвесткі.

Віктар Сідарэнка кажа, што сустрэча адбывалася цягам 30 хвілін у прысутнасьці супрацоўнікаў адміністрацыі калёніі.

«Алесь Бяляцкі паведаміў, што ў яго ўсё адносна добра, харчаваньне ў калёніі някепскае. Ён па-ранейшаму працуе ўпакоўшчыкам на швейнай вытворчасьці. Пагаварыць тэт-а-тэт нам не далі, хоць паводле закону гэта рабіць былі абавязаныя. Зрабіць анкетаваньне, якое звычайна камісія праводзіць са зьняволенымі, таксама не дазволілі. Верагодна, каб мы былі ў памяшканьні сам-насам, ён бы паведаміў нешта цікавае», — кажа Віктар Сідарэнка.

Сябра праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» таксама распавёў, што для Алеся Бяляцкага ў Бабруйскай папраўчай калёніі № 2 заведзены асобны журнал уваходнай і выходнай карэспандэнцыі. Штотыдзень Алесь Бяляцкі атрымлівае 4–5 лістоў, у некаторыя тыдні — і больш за дзесяць.

Справаздачу грамадзкай камісіі па выніках візыту ў калёнію атрымае Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і праваабаронца Наста Лойка.

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны Першамайскім судом Менску на 4,5 года пазбаўленьня волі. Судзьдзя Сяргей Бандарэнка прызнаў праваабаронцу вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў яму турэмны тэрмін з канфіскацыяй маёмасьці.
XS
SM
MD
LG