Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 чэрвеня мы паведамлялі пра выпадак з пашкоджаньнем электраабсталяваньня на Менскім мэтрапалітэне, які прывёў да перашкодаў руху. Пасьля выбуху і гібелі людзей у выніку тэракта летась любыя зьвесткі пра праблемы мэтро — галоўнага транспартнага сродка сталіцы, выклікаюць павышаную грамадзкую цікавасьць.

Электраманцёр СЦБ Яўген Туравец працуе ў Менскім мэтро ўжо дзевяць гадоў. Менавіта ён зьвярнуў увагу рэдакцыі ўчора на збоі руху. Гэтая інфармацыя атрымала пацьверджаньне.

Сёньня ён адказаў на некаторыя пытаньні:

— Спадар Яўген, што менавіта падштурхнула вас паведаміць пра падзею ў Менскім мэтро?

— У нашай краіне была дывэрсія на мэтро — я маю на ўвазе Кавалёў (і Канавалаў) — і я думаю, што грамадзкасьці было б цікава, што цяпер адбылося ў мэтро.

— А якім чынам вам стала вядома пра перабоі з руху, што адбыліся?

—Я працую ў мэтро.

— Іншыя супрацоўнікі мэтро валодаюць гэтай інфармацыяй, ня толькі вы?

— Ня ўсе. Хто працуе з гэтай справай, той ведае.

— Скажыце, ці стварае гэтая сытуацыя пагрозу для бясьпекі руху?

— Канечне, стварае.

— Як хутка супрацоўнікі мэтро здольныя вырашаць такія сытуацыі?

— Хутка вырашылі. Зараз няма ніякіх перашкодаў.

Спадар Туравец патлумачыў, што СЦБ — гэта сыгналізацыя, цэнтралізацыя, блякіроўка. Гэта праца напрасткі зьвязаная зь бясьпекай руху. Наколькі вядома, пачалося сьледзтва ў справе пашкоджаньняў у мэтро.

Мы будзем працягваць сачыць за падзеямі і інфармаваць нашых чытачоў і слухачоў.
XS
SM
MD
LG