Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Якімавай Слабадзе патрабуюць рэфэрэндум


Пратэст супраць пабудовы заводу па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы
Пратэст супраць пабудовы заводу па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы
Жыхары вёскі Якімава Слабада выступілі з ініцыятывай – правесьці мясцовы рэфэрэндум наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва паміж іхняй вёскай і горадам Сьветлагорскам заводу беленай цэлюлёзы.

На рэфэрэндум мяркуецца вынесьці наступнае пытаньне: «Ці згодны вы на разьмяшчэньне на тэрыторыі Баравікоўскага сельскага савету завода беленай цэлюлёзы?»

Адпаведная заява накіраваная ў Баравікоўскі сельскі савет. Жыхары вёскі прапануюць зарэгістраваць ініцыятыўную групу, у якую ўвайшлі 12 чалавек. Пра гэта паведаміў, у прыватнасьці, спадар Уладзімер, адзін з падпісантаў заявы.

Уладзімер: «Звыш тысячы нашых вяскоўцаў падпісаліся пад зваротам у Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет міністраў і амбасаду Кітаю. А ўсяго сабрана звыш 10 тысяч подпісаў. Людзі выступаюць супраць разьмяшчэньня побач зь Якімавай Слабадой трэцяга хімічнага прадпрыемства. Аднак нашыя звароты да вышэйшага кіраўніцтва краіны перанакіроўваюцца ў Міністэрства аховы навакольнага асяродку й прыродных рэсурсаў. Таму мы, абапіраючыся на беларускае заканадаўства, ініцыявалі мясцовы рэфэрэндум. Няхай людзі прагаласуюць – і гэта будзе законам для ўладаў».

Заяву на правядзеньне рэфэрэндуму жыхары Якімавай Слабады меліся падаць яшчэ 31 траўня. Аднак калі вясковыя ініцыятары разам з актывістамі кампаніі «Гавары праўду!» зь Менску й журналістамі выехалі ў сельсавет, то на дарозе іх перастрэлі супрацоўнікі міліцыі пад кіраўніцтвам начальніка аддзяленьня прафіляктыкі Сьветлагорскага РАУС, маёра міліцыі Яўгена Клепіка. Многія былі дастаўленыя ў міліцыю, а Міхась Пашкевіч нават асуджаны на 7 сутак нібыта за «ўмяшальніцтва ў працу міліцыі». Нягледзячы на такую акалічнасьць, заява наконт правядзеньня рэфэрэндуму ўсё адно накіраваная ў Баравікоўскі сельсавет.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG