Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галаваха: Дзяржаўнай ва Ўкраіне расейская мова ня будзе


Яўген Галаваха

Яўген Галаваха

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла ў першым чытаньні законапраект аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі. У выпадку яго прыняцьця расейская мова стане рэгіянальнай у 13 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Украіны. Сытуацыю для нашага радыё камэнтуе намесьнік дырэктара і загадчык аддзелу сацыяльна-палітычных працэсаў Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, доктар філязофскіх навук Яўген Галаваха.

Соўсь: Прэзыдэнт Віктар Януковіч падчас перадвыбарчай кампаніі і прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў абяцалі зрабіць расейскую мову другой дзяржаўнай. Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі, якія мітынгуюць цяпер перад Кабінэтам міністраў, заяўляюць, што прыняты законапраект расколе Ўкраіну. Ці згодныя вы з гэтым выказваньнем?

Галаваха: Раскалоць Украіну ён, вядома, ня зможа, але могуць быць супярэчнасьці, шматгадовыя, зьвязаныя з пытаньнем аб мове. Гэта будзе чарговая рэгіянальная ідэалягічная расколіна. І зь іншага боку гэта ўдар, я думаю, будзе ўдар па іміджы Ўкраіны ў сьвеце, асабліва з улікам, што гэта напярэдадні так чаканага эўрачэмпіянату. Таму я лічу, што гэта было недарэчнае рашэньне менавіта цяпер так настойліва прапіхваць гэты закон.

Соўсь: Якая моўная сытуацыя цяпер ва Ўкраіне паводле апошніх сацыялягічных зьвестак?

Галаваха: Прыблізна палова насельніцтва карыстаюцца пераважна ўкраінскай мовай, каля паловы – пераважна расейскай. Што тычыцца роднай мовы, дык больш за 70 адсоткаў называюць украінскую мову.

Соўсь: На колькі ўкаранілася ўкраінская мова ў сыстэму адукацыі, дзяржаўных установах? І як гэта можа зьмяніцца, калі будзе прыняты новы закон?

Галаваха: Што тычыцца сыстэмы адукацыі, дык у нас абавязковае выкарыстаньне дзяржаўнае мовы ў ВНУ. Школы існуюць таксама на мовах нацыянальных меншасьцяў. Але ў большасьці школ, 80 адсоткаў, выкладаньне ідзе па-ўкраінску. У дзяржаўных установах, канечне ж, гэта прывядзе ў паўднёвым і ўсходнім рэгіёнах і Крыме практычна да поўнага выцясьненьня ўкраінскай мовы, улічваючы моўную сытуацыю там. Так усё ж такі заставалася нейкая фармальная прычына ўкраінскую выкарыстоўваць, дык цяпер, пасьля зьняцьця гэтага фактара, вядома ж, там будзе дамінаваць расейская мова.

Соўсь: Сытуацыю ва Ўкраіне цяпер часта параўноўваюць зь беларускай, калі ў выніку рэфэрэндуму 1995 году расейская мова стала другой дзяржаўнай і фактычна выцесьніла беларускую з усіх сфэраў жыцьця. Супраць рэфэрэндуму аб зьмене мовы і сымболікі ў парлямэнце трымала галадоўку пратэсту група парлямэнцкай апазыцыі БНФ, і гэтую галадоўку пратэсту гвалтам спынілі спэцслужбы. Пратэсты супраць расейскай мовы як другой дзяржаўнай ва Ўкраіне выглядаюць больш маштабнымі. На вашую думку, у чым падобныя, і ў чым адрозьніваюцца сытуацыі ва Ўкраіне і Беларусі?

Галаваха: Натуральна, гэта вельмі розныя сытуацыі, бо ў Беларусі ўсё ж такі нашмат слабейшыя былі пазыцыі беларускай мовы ў параўнаньні з расейскай. І значна большая была падтрымка расейскай мовы ў грамадзкай думцы. Дарэчы кажучы, ва Ўкраіне апошнія гады ідэя, якая ў дзевяностыя гады мела падтрымку амаль паловы насельніцтва – за расейскую як другую дзяржаўную, цяпер скарачаецца. Што тычыцца менавіта гэтага закона, які як яго распрацоўшчыкі і тыя, хто за яго галасаваў, лічаць узгодненым з эўрапейскімі стандартамі, дык ён зноў жа мае падтрымку ў паўднёвым і ўсходнім рэгіёнах найперш. У заходнім і цэнтральным ён не падтрымліваецца. Менавіта таму гэта можа прывесьці да паглыбленьня рэгіянальных расколаў. Я наогул лічу, што становішча расейскай мовы ва Ўкраіне – вельмі сур'ёзнае і важнае пытаньне. Яго нельга даваць на рашэньне менавіта гэтым палітыкам. Толькі тым, якія будуць валодаць іншай палітычнай культурай, узроўнем адукацыі і іншай сыстэмай каштоўнасьцяў. Тады яны змогуць знайсьці цывілізаванае рашэньне.

Соўсь: А якое магло б быць цывілізаванае рашэньне?

Галаваха: Гэта пытаньне аб мовах нацыянальных меншасьцяў і іх становішча ва Ўкраіне. Яно будзе заўсёды заставацца. Перш за ўсё гэта тычыцца расейскай мовы. Але ў цяперашніх умовых гэты закон выконвае ролю перадвыбарчай тэхналёгіі, а не рэальнага шляху рашэньня праблемы.

Соўсь: Які Ваш прагноз, ці пройдзе гэты законапраект? Калі пройдзе, якія наступствы гэта будзе мець для Украіны?

Галаваха: Не, другой дзяржаўнай мовай у агляднай будучыні расейская мова ня стане. Гаворка ідзе пра рэгіянальнае прызнаньне. У чым заганнасьць гэтага закона? У вызначэньні сутнасьці рэгіёна. У нас мовы нацыянальных меншасьцяў, акрамя расейскай, маюць распаўсюджаньне ў нашмат меншых рэгіёнах, чым вобласьць, што ўласна, прадугледжваецца гэтым законам. Трэба зрабіць вельмі дакладную культуралягічную і навуковую экспэртызу, перш чым прымаць такія законы. Наколькі я ведаю, нічога гэтага зроблена не было.

Соўсь: Шмат аўтарытэтных, уплывовых ва Ўкраіне асобаў вельмі рэзка выказваюцца супраць гэтага законапраекту. Пісьменьнік Пятро Паўлычка заявіў, што гатовы ўзяць зброю у рукі, каб абараніць родную мову. Народны дэпутат Арсені Яцанюк абвясьціў аб пачатку бестэрміновай акцыі пратэсту і гарантаваў людзям, што «да другога чытаньня ня дойдзе». Ці ня выклікае гэты законапраект рэакцыю абуджэньня ўкраінскага грамадзтва?

Галаваха: Я лічу, што партыя рэгіёнаў зрабіла крок, які паслужыць актывізацыі і кансалідацыі апазыцыі. Паколькі для яе гэтае пытаньне вельмі важнае. Яна зрабіла чарговы крок да сваёй палітычнай паразы. Бо менавіта цяпер паставіўшы гэтае пытаньне, яна актывізавала апазыцыю. У пэўным сэнсе гэта добра, гэта паслужыць разьвіцьцю дэмакратыі, бо апошнія два гады апазыцыя ў нас была занадта слабою і разрозьненай. Гэты крок паслужыць яе кансалідацыі.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG