Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі грамадзкі дзеяч Рыгор Грык накіраваў лісты ў Генэральную пракуратуру, Сьледчы камітэт і Міністэрства ўнутраных спраў, просячы разабрацца з правамернасьцю пікета, які ладзілі афіцыйныя прафсаюзы і БРСМ падчас суду над Віктарам Івашкевічам 22 траўня.

У лістах Рыгор Грык піша: «22 траўня 2012 году ў судзе Савецкага раёну Менску прайшла сустрэча бакоў у справе „Марына Цыбліенка супраць Віктара Івашкевіча“. Паводле наяўнай інфармацыі, перад пачаткам паседжаньня будынак суду пікетавалі прадстаўнікі афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў. У пікеце ўдзельнічалі 25 чалавек. Празь некаторы час да пікету далучыліся актывісты БРСМ і яшчэ 10 чалавек, якія адмыслова прыехалі з Мазыра. Пры гэтым людзі ў цывільным здымалі на відэа ўсё, што адбывалася ля будынка... Прашу прыцягнуць да вызначанай законам адказнасьці грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах... Прашу прыцягнуць да вызначанай законам адказнасьці (узбудзіць крымінальную справу) у адносінах да грамадзянаў у цывільным, якія здымалі на відэа ўсё, што адбывалася».

Спадар Грык паведаміў «Свабодзе», што дабівацца пакараньня пікетоўцаў яго змусіў той факт, што пікет адбываўся ў месцы, не адведзеным для яго паводле закону: «Апошнім часам я замаўляў вельмі шмат пікетаў у Баранавічах, аднак мясцовае кіраўніцтва іх не дазваляе. Аднак выяўляецца, што афіцыйная Фэдэрацыя прафсаюзаў і БРСМ могуць праводзіць пікеты ў тых месцах, не дазволеных законам, і каля адміністрацыйных будынкаў. І ім гэты сыходзіць з рук. І невядома, хто ж дазволіў пікет у не адведзеным для масавых мерапрыемстваў месцы?

Вось я, напрыклад, хацеў нядаўна замовіць пікет і заключыць дамову зь міліцыянтамі, як таго патрабуюць мясцовыя ўлады. Аднак яны са мной дамову не заключылі, сказаўшы, што калі дазволяць, каб і прыходзіў».

Пікет у падтрымку Марыны Цыбліенкі адбыўся 22 траўня. Падчас яго некалькі дзясяткаў чалавек стаялі з расьцяжкамі каля суду Савецкага раёну Менску.

Работніца Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу адсудзіла ў апазыцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча 500 тысяч рублёў за тое, што Івашкевіч заклікаў да эўрапейскіх санкцыяў супраць згаданага прадпрыемства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG