Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба Беларусі сьпяшацца ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю?


Уладзімер Пуцін у панядзелак заявіў, што Эўразьвяз мусіць прыняць Беларусь і Казахстан ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Якія пагрозы для Беларусі нясе сяброўства у гэтай структуры? Якія пэрспэктывы ўступленьня краіны ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю?

Удзельнікі: навуковы дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая і журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

Правілы Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі: пагрозы ці выклікі для Беларусі?

Валер Карбалевіч: «Сёлета Расея ўступае ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА). Паколькі Беларусь і Казахстан знаходзяцца з Расеяй у Мытным саюзе (МС), то правілы УГА будуць распаўсюджвацца і на іх. Якія гэта будзе мець наступствы для беларускай эканомікі?»

Ірына Тачыцкая: «Зразумела, Расея на перамовах па ўступленьні ва УГА найперш адстойвала свае інтарэсы. І Беларусь, як сябра МС, будзе ў прымусовым парадку выкарыстоўваць тыя тарыфы на ўвоз імпартных тавараў, якія вытаргавала РФ.

Расея, як сябра УГА, будзе мець шэраг пераваг. Яна зможа аспрэчваць увядзеньне супраць яе антыдэмпінгавых, кампэнсацыйных пошлін. Сяброўства ва УГА садзейнічае прыцягненьню замежных інвэстыцый. І гэтыя перавагі не распаўсюджваюцца на Беларусь, бо яна ня сябра УГА.

Выклікам для Беларусі будзе адкрыцьцё свайго рынку перад імпартнымі таварамі па шэрагу адчувальных для нас таварных пазыцый. Напрыклад, машынабудаваньне».

Тацьцяна Манёнак: «Ад уступленьня Беларусі ва УГА выйграе наш спажывец. Для беларускіх таваравытворцаў падвысіцца канкурэнцыя. Напрыклад, для вытворцаў камбайнаў. Але я б сказала, што гэта не пагроза, а выклік. Хачу нагадаць, што Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Расеі і Казахстану таксама пабудаваная на прынцыпах УГА. Але відавочна, што беларуская эканоміка не падрыхтаваная да гэтых выклікаў. Былы прэм’ер Беларусі, а цяпер сябра калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Сідорскі нядаўна казаў, што варта ў Расеі патрабаваць кампэнсацыі за тыя страты, якія панясе Беларусь ад уступленьня Расеі ва УГА.

Расея зацікаўленая ў як найхутчэйшым уступленьні Беларусі ва УГА. Напрыканцы мінулага году Беларусь і РФ падпісалі мэмарандум, паводле якога Масква будзе спрыяць уступленьню свайго саюзьніка ў гэтую арганізацыю. Амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў казаў, што РФ нават гатовая ўзначаліць перамоўную каманду Беларусі на гэтых перамовах».

Пэрспэктывы ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю?

Карбалевіч: «Здавалася б, цяпер, калі Расея ўступае ва УГА і Беларусь будзе вымушаная працаваць па правілах гэтай арганізацыі, атрымліваючы усе мінусы і ня маючы магчымасьці атрымаць плюсы ад сяброўства ва УГА, як найхутчэйшае ўступленьне краіны ў гэтую арганізацыю павінна стаць важнай палітычнай задачай, прыярытэтам. Але ці ёсьць такое разуменьне ў палітычнага кіраўніцтва Беларусі?

Іншы момант. Ці мае гэтая праблема палітычнае вымярэньне? Маю на ўвазе напружаныя палітычныя адносіны Беларусі з ЗША і ЭЗ. Ці ня можа гэты палітычны чыньнік перашкодзіць хуткаму ўступленьню Беларусі ва УГА?»

Тачыцкая: «Наш урад разумее неабходнасьць паскарэньня ўступленьня Беларусі ва УГА. Але досьвед уступленьня некаторых краін ва УГА апошнім часам паказвае, што важна ня толькі хутка ўступіць, але і на выгадных умовах. Тут патрэбен балянс паміж хуткасьцю і выгаднымі ўмовамі. Таму што можна ўступіць хутка, а потым мець вялікія праблемы.

Цяпер з 38 краін-сябраў рабочай групы па ўступленьні Беларусі ва УГА мы падпісалі дамовы толькі з 10 дзяржавамі. І галоўнае — трэба дамаўляцца з ЗША і ЭЗ, ад якіх фактычна залежыць сяброўства ва УГА.

Палітычны чыньнік, пра які вы кажаце, сп. Карбалевіч, можа прысутнічаць. Бо УГА — гэта клюб. Там няма дакладна акрэсьленых правіл і працэдур, выканаўшы якія, можна ўступіць ва УГА. Там трэба адмыслова дамаўляцца зь іншымі краінамі. І гэтая акалічнасьць можа расьцягнуць працэс ўступленьня ва УГА на доўгі пэрыяд».

Манёнак: «Беларусь падала заяўку на ўступленьне ва УГА яшчэ ў 1993 годзе. А з 2005 году Беларусь прыпыніла ўвогуле перамовы аб уступленьні ва УГА. У 2009 годзе Менск ухапіўся абедзьвюма рукамі за ідэю калектыўнага ўступленьня ў гэтую арганізацыю разам зь сябрамі МС — Расеяй і Казахстанам. Цяпер Расея ўжо адной нагой ва УГА. У нядаўнім звароце прэзыдэнта Казахстану Назарбаева ўступленьне гэтай краіны ва УГА названа прыярытэтнай задачай.

А ў нядаўнім выступе Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем не было і згадкі пра неабходнасьць уступленьня Беларусі ва УГА. І выглядае дзіўна, калі памочнік прэзыдэнта Расеі перад візытам Пуціна ў Менск казаў, што адным з пунктаў перамоў будзе пытаньне дапамогі РФ Беларусі па ўступленьні ва УГА. Бо гэта будзе спрыяць рэалізацыі ідэі Адзінай эканамічнай прасторы ў межах Беларусі, Расеі і Казахстану.

Але беларускі бок ставіцца да гэтага без энтузіязму. Хоць нядаўна прэм’ер Мясьніковіч казаў, што трэба прысьпешыць гэты працэс. Але вялікага палітычнага жаданьня кіраўніцтва Беларусі вырашыць гэтую праблему ня бачна».

Тачыцкая: «Не зусім правільна казаць, што Беларусь з 2005 году не вяла перамоваў па ўступленьні ва УГА. Перамовы ў рабочай групе вяліся ў нефармальным рэжыме. І я б не сказала, што ў беларускага кіраўніцтва няма палітычнай волі разьвязаць гэтае пытаньне».

Манёнак: «Па 2,5 тыс. таварных пазыцый Беларусі давядзецца карэктаваць свае тарыфы адносна імпартных тавараў у бок зьніжэньня».

Тачыцкая: «Гэта так. Аднак гэта ня моцна ўплывае на канкурэнтаздольнасьць беларускіх вытворцаў. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы не адбываецца зьніжэньня тарыфаў, а будуць толькі патрабаваньні па скарачэньні субсыдый сельскай гаспадарцы.

Перабольшаныя страхі наконт пагрозы для машынабудаваньня. Бо калі замежны камбайн каштуе ўдвая даражэй, то зьніжэньне тарыфу на 10% не нясе ніякіх пагроз нашым вытворцам».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG