Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі кнігу Ўладзімера Арлова «Пакуль ляціць страла»


Прэзэнтацыя адбылася ў кнігарні «логвінаЎ» на Незалежнасці, 37а. Кніга «Пакуль ляціць страла» выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

У Менску сёньня надзвычай дрэннае надвор'е. Цэлы дзень ідзе дождж, такі дробны, восеньскі. І, шчыра кажучы, перажывалі мы, што надвор'е напалохае нашых слухачоў. Але слухачы Радыё Свабода пачалі зьбірацца задоўга да пачатку.

Адкрыў імпрэзу Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода, які назваў сябе яшчэ і бібліятэкарам. Ён сказаў, што не выпадкова фэстываль «Бібліятэкі Свабоды» адкрываецца кнігай Уладзімера Арлова. Бо кніга — гэта праход аўтара па нацягнутым канаце над безданьню.

Лукашук: «А ў гэтай праходцы, над гэтай безданьню ён ня толькі мусіў захоўваць хуткасьць і трымаць балянс, але мусіў фехтаваць зь мінулым, зхаймацца боксам з сучаснасьцю і галоўнае — выйграць дуэль з будучыняй. Адзіная галоўная цнота, якая аб’дноўвае радыё і літаратуру — гэта дакладнасьць, прыўкрасная і бязьлітасная. І калі ўзьнікла назва гэтай кнігі — „Пакуль ляціць страла“ — мы падумалі, а колькі насамрэч ляціць страла? Каб адказы ў эфіры гучалі менавіта столькі. Аказалася, баявы палёт стралы цягнецца ўсяго некалькі сэкундаў. І тады мы, канечне, узгадалі Зянона. Апорыі Зянона пра дыскрэтную прастору, у якой страла ляціць і ніколі ня падае, але заўсёды патрапляе ў цэль».

І калі ўзьнікла назва гэтай кнігі — „Пакуль ляціць страла“ — мы падумалі, а колькі насамрэч ляціць страла?

Вёў імпрэзу сам аўтар, Уладзімер Арлоў. Ён шчыра прызнаўся, што ў яго ніколі не было столькі суаўтараў — іх прынамсі 100.

«Пытаньні былі самыя розныя. Я не рабіў нейкага суровага адбору. Мне задавалі пытаньні вечныя і недарэчныя, прыватныя і філязофскія, наіўныя і падступныя. У мяне пыталіся, ці праўда, што я ў дзяцінстве быў трансвэстытам, за што я ўкусіў настаўніка маляваньня ў пятай клясе... І разам з тым, у мяне пыталіся, ці баюся я сьмерці і ў чым сэнс жыцьця», — сказаў Уладзімер Арлоў.

Паэт, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень Уладзімер Някляеў узгадаў, як у дзяцінстве рабіў лук, і заўсёды ўзьнікала праблема — куды страляць?

«Дык вось у адрозьненьне ад той маёй дзіцячай праблемы, сытуацыя зразумелая на сёньняшні дзень. І вось гэта разуменьне — куды ляціць выпушчаная ім страла і куды рухаецца сам Арлоў — ім нам і дадзеная. І ў гэтай кнізе, і ў папярэдніх. І зразумела, што спроба зрабіць лук, стралу, стрэліць, сказаць, дакрычацца, дагрукацца — адна: падняць нас над тым побытам, над той сытуацыяй, у якоё на сёньняшні дзень апынуліся, і яшчэ вышэй падняць над намі тое, што ён больш за нас любіць, і, магчыма, больш за сябе самога — Полацак, а значыць, Беларусь».

Некалькі пачалі пісацца адначасова з чытаньнем кнігі „Пакуль ляціць страла“. Толькі пад уражаньнем кнігі Арлова ўсё гэта вярнулася да мяне

Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч распавёў, што прачытаў кнігу Арлова ў красавіку ў электонным выглядзе, калі быў у Парыжы. І кніга яго ўрэшце натхніла: «Так склалася, што я дзесьці з год ня крэмзаў па паперы, ня стукаў па клявішах ноўтбуку — не пісалася вершаў-вершыкаў. Некалькі пачалі пісацца адначасова з чытаньнем кнігі „Пакуль ляціць страла“. Толькі пад уражаньнем кнігі Арлова ўсё гэта вярнулася да мяне , і я такі напісаў вершык пра кроткі».

Падчас прэзэнтацыі Ўладзімер Арлоў правёў віктарыну, задаваў, здавалася б, простыя пытаньні. Да прыкладу, колькі гадоў Полацку? Адказ быў — 1150. А Арлоў не пагадзіўся:

«Прыкладна 1600 гадоў Полацку. Ён узгадваўся ў ісляндзкіх сагах пятага стагодзьдзя. Таму нам трэба браць прыклад зь Кіева, які ўжо даўно 1500 гадоў адзначыў, хоць згадваецца з Полацкам пад тым самым годам упершыню ў летапісу».

І такіх складаных пытаньняў было шмат. Зь першай спробы правільна адказаць удавалася адзінкам. Уладзімер Арлоў пераможцам віктарыны дарыў кнігу з аўтаграфам.

Фокус таленту: Уладзя Арлоў —фантастычна таленавіты бэлетрыст. І не істотна, пра што ён піша

Літаратар, мастак і выдавец Адам Глобус, які звычайна ўсіх крытыкуе, гэтым разам прыйшоў пахваліць аўтара: «Ты пішаш, выдаеш кніжкі не для прэзэнтацыі, не для фуршэту, ты пішаш для чытачоў. Гэта самае важнае — пісаць для чытачоў. Бо кніга згубіла сакральнасьць. А ты, наадварот, вяртаеш сакральнасьць. Ты зрабіў кніжку, дзе ёсьць адказы на ўсе пытаньні. Больш за тое: гэта кніжка — папрок. Папрок такім, як я, які на сустрэчах з чытачамі абяцае, што каму не пасьпеў адказаць сёньня, абавязкова адкажу ў інтэрнэце, на наступнай сустрэчы, потым гэтыя цэдулкі губляю, А ты акуратна сабраў, адказаў. Гэта кніжка — папрок, гэта кніжка — узор усім нам, што так трэба рабіць».

А філёзаф Валянцін Акудовіч шчыра зайздросьціць тым, хто кнігу яшчэ не прачытаў: «Фокус таленту: Уладзя Арлоў —фантастычна таленавіты бэлетрыст. І не істотна, пра што ён піша: пра тое, што я сто разоў ведаю альбо наагул ня ведаю. Я пакуль не прачытаў кніжку да раніцы — я не мог яе пакінуць. Ведаеце, я так зайздрошчу тым, хто гэту кнігу яшчэ не чытаў. У вас будзе столькі асалоды!»





PDF-варыянт кнігі можна спампаваць тут.

«Пакуль ляціць страла» — гэта сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэчаў у бібліятэках і пры вогнішчах, выступаў на кватэрах і ва ўнівэрсытэтах.

У «Бібліятэцы Свабоды» гэта ўжо другая кніга Арлова — ягоныя «Імёны Свабоды» выйшлі ў 2007 годзе.

«Пакуль ляціць страла» Ўладзімера Арлова — 35-е выданьне ў «Бібліятэцы Свабоды».

Першая кніга — «Верш на Свабоду» — пабачыла сьвет у 2002 годзе. Пазьней выйшлі кнігі:
«Дарога праз Курапаты»
«Быкаў на Свабодзе»
«Дуліна ад Барадуліна»
«Вострая Брама» і «Як?» Сяргея Дубаўца
«Прыгоды АРА ў Беларусі» і «Сьлед матылька» Аляксандра Лукашука
«Мой шыбалет» Пятра Садоўскага
«Адзін дзень палітвязьня»
«Беларуская Атлянтыда» і «100 адрасоў Свабоды» Вячаслава Ракіцкага
«Плошча»
«Імёны Свабоды»
«Вольная студыя» Міхася Скоблы ды іншыя.

Зьявілася і мультымэдыйная бібліятэка «Свабоды».

Беларуская служба — адзіная з трох дзясяткаў на Радыё Свабода, якая выдае сваю бібліятэку.

Да 10-годзьдзя сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў Менску заплянаваныя чатыры вечарыны. Сёньня ў кнігарні «логвінаЎ» — першая імпрэза. Уладзімер Арлоў прадстаўляе сваю новую кнігу «Пакуль ляціць страла. 100 пытаньняў пісьменьніку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG