Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гразнова: Улады страхуюцца ад магчымых моладзевых актыўных дзеяньняў


Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падпісаў зьмены ў законы па пытаньнях прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў непаўналетніх. Згодна зь імі істотна пашыраны пералік падстаў для накіраваньня непаўналетніх у спэцшколы, спэцПТУ і выхаваўчыя калёніі.

Праваабаронцы асьцерагаюцца, што цяпер гэты закон будзе скарыстаны супраць апазыцыйнай моладзі, , адзначае газэта Народная воля. Да прыкладу, будзе дастаткова за год тройчы быць затрыманым за дробнае хуліганства, напрыклад, за нецэнзурную лаянку, каб апынуцца ў спэцустановах.

Камэнтуючы зьмены ў закон, кіраўніца «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова адзначыла: «Гэта можа сьведчыць пра тое, што ўлады страхуюцца ад магчымых моладзевых актыўных дзеяньняў і такім чынам выкарыстоўваюць гэтыя прававыя мэханізмы, каб моладзь сядзела ціха, баялася і нікуды не высоўвалася. Трэба, канечне, глядзець на ўсе акалічнасьці і падрабязнасьці гэтага новаўвядзеньня. Калі гэта такое перабольшваньне, то гэта ўжо мае не выхаваўчы кірунак, а палітычны. І таму тут, мабыць, ёсьць і гэты складнік — палітычны».

Палітоляг Юры Чавусаў адзначае, што гэты законапраект закране інтарэсы непаўналетніх апазыцыянэраў, як і шырокіх колаў насельніцтва. Ён кажа, што ёсьць нормы, датычныя абавязку бацькоў суправаджаць непаўналетніх у вечаровы і начны час, і ўводзіцца адміністратыўная адказнасьць за невыкананьне гэтага абавязку:

«Я ня думаю,што тут трэба акцэнтаваць увагу на тым, што гэта будзе закон супраць малалетніх апазыцыянэраў. Трэба акцэнтаваць увагу на іншым. На тым, што пашыраюцца магчымасьці наагул выканаўчай улады па абмежаваньні правоў непаўналетніх грамадзянаў. І гэты законапраект трэба ўважліва вывучаць і акцэнтаваць увагу на ўвядзеньні, магчыма, больш сучасных мэханізмаў прафіляктыкі злачыннасьці з боку непаўналетніх. Тая ж самая ювэнальная юстыцыя хоць і не панацэя, але гэта адзін з сучасных мэханізмаў. Ювэнальнай юстыцыі ў Беларусі не існуе. І ў гэтым сэнсе беларускае заканадаўства ў гэтай частцы больш нагадвае савецкую сыстэму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG