Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Тэма сэкс-турызму нечакана ўзьнікла ў перадачы «Карціна сьвету» на канале СТВ з удзелам намесьніка міністра спорту і турызму Часлава Шульгі.

Спадар Шульга сказаў наступнае: «Натуральна, што мы сёньня не культывуем, ня кажам: «Прыяжджайце да нас па сэкс-паслугі... Калі ў кагосьці ёсьць цікавасьць, то хай едзе, шукае, знаёміцца, жэніцца».

Спадарыня Ірына – дырэктарка адной зь менскіх туркампаніяў, у турыстычным бізнэсе амаль два дзесяцігодзьдзі. На яе погляд, падобныя размовы пачынаюцца таму, што ўлады ціснуць – пашырайце ўязны турызм:

«Пытаньне пра ўнутраны турызм стаіць вельмі востра. І на любых форумах нам кажуць, што трэба разьвіваць менавіта яго – любымі спосабамі прыцягнуць замежных турыстаў. Вядома, хай яны едуць, знаёмяцца. Так, сапраўды, прыяжджае вельмі шмат італьянцаў, прыяжджаюць туркі. Апошнім часам з Ірану прыяжджаюць.

Вядома, мы не адсочваем, зь якой мэтай яны прыяжджаюць. Але бальшыню вабяць казіно, рэстараны. А вось што яны ўжо пасьля канкрэтна робяць, мы ня ведаем».

Спадарыня Ірына кажа, што ня ведае такіх выпадкаў, каб нейкая зь менскіх турыстычных фірмаў рэклямавала сэкс-паслугі:

«Па-першае, усё гэта забаронена. Па-другое, ніводная фірма на гэта ня пойдзе. Прынамсі, такога на маёй памяці не было.

Зараз ёсьць сайты, і каму трэба, той там знойдзе. Мы ж прапагандуем толькі прыём замежных гасьцей. Напрыклад, маем казіно-туры. Гэта вельмі тонкі кірунак, ня кожны тут працуе. А калі ўжо замежнік зь вялікімі грашыма прыяжджае, то што ён тут заказвае, нам гэта невядома».

У глыбінцы пра сэкс-турызм пакуль нічога ня чулі. Хоць народная эротыка турызму спрыяе – лічыць гаспадар «Сельскай сядзібы» каля Браслава Веніямін Ходзюш. На сьцяне адрыны ён намаляваў мужчыну і жанчыну. «У былыя часы адрына была ўлюбёным месцам для мілосных уцех», – адзначае спадар Ходзюш:

«Жанчына і мужчына. Жанчына ўжо распранулася. Яна так бачком ляжыць, нічога лішняга ня бачна. Ёй ужо мужчыну хочацца, а мужчыну яшчэ чарку хочацца. Гэта ўсё з гумарам намалявана, на хаду. Каб было неяк весялей».

У сэкс-турызьме ёсьць два бакі – маральны і эканамічны, адзначае эканаміст Міхась Залескі:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

​«Ва ўсім сьвеце людзі бяруць шлюб. З гэтага рабіць бізнэс – брыдка. Ва ўсім сьвеце ёсьць прастытуткі. З гэтага рабіць бізнэс – брыдка. Там, дзе ўсё гэта легалізавана, усё знаходзіцца пад пільным кантролем паліцыі ды адпаведных структураў. Там, дзе гэта не легалізавана, як у нас, – знаходзіцца пад пільным кантролем арганізаванай злачыннасьці.

Можна казаць і пра эканамічныя аспэкты. Большай эканамічнай шкоды для нацыі, як арыентацыя на такі бізнэс, няма. Улады хочуць інвэстыцыяў у Беларусь. Пасьля такіх выказваньняў сюды прыйдуць толькі інвэстары ў прастытутак».

Дарэчы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька некалькі разоў выступаў з парлямэнцкай трыбуны з прапановай легалізаваць у Беларусі прастытуцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG