Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за права на працу


Разгляд скаргі старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіла Кавалькова супраць адміністрацыі прадпрыемства перанесены на 8 чэрвеня.

Паводле скаржніка, судзьдзя Тамара Карпоўская задаволіла ягонае хадайніцтва аб азнаямленьні з журналам выдачы разавых пропускаў.

Нагодай для суду сталіся, як заяўляе Міхаіл Кавалькоў, перашкоды, якія чыніць яму адміністрацыя заводу ў допуску на прадпрыемства.

«Я дамагаюся таго, каб у адносінах да мяне дзейнічалі законы аб прафсаюзах, калектыўная дамова, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе мне права на працу. Гэтай самай працы мяне пазбаўляюць, выдаючы штодня разавы пропуск. На тэрыторыі прадпрыемства ў суполкі СПБ знаходзіцца юрыдычны адрас і офіс. Я прадстаўнік часткі калектыву заводу й трапляю на сваё працоўнае месца зь вялікімі перашкодамі. Мне адмаўляюцца выдаваць сталы пропуск. Каб атрымаць пропуск, я праводжу на прахадной да трох гадзін свайго працоўнага часу. У траўні тры дні мне наагул не далі пропуску», — кажа Кавалькоў.

Адказчык у пацьверджаньне сваёй пазыцыі прадставіў суду заводзкае палажэньне аб прапускным рэжыме. Кавалькоў жа заяўляе, што яно падробленае і што ў яго ёсьць сапраўдны экзэмпляр — паводле якога вызваленыя работнікі прафсаюзу маюць права бесьперашкоднага праходу на тэрыторыю заводу ў будзённыя дні, а таксама ў выходныя і сьвяточныя дні паводле сталых пропускаў.

Кавалькоў адзначае: «Гэта сьведчыць пра тое, што ў мяне павінен быць сталы пропуск. Ён у мяне й быў, але 28 сьнежня яго заблякавалі. Адказчык жа сьцьвярджае, што па разавых пропусках дапускаюцца на тэрыторыю прадпрыемства й кіраўнікі афіцыйнага прафсаюзу. Вось па журнале й высьветлім — хто і як праходзіць на завод».

Як заяўляе Міхаіл Кавалькоў, праблемы з допускам на завод пачаліся летась у лістападзе, калі больш за тысячу працаўнікоў падпісалі патрабаваньне павялічыць заробкі ў два разы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG