Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва скардзіцца старшыні КДБ на ягоных падначаленых


Скаргу старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву маці абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага Ўладзіслава Кавалёва накіравала, не атрымаўшы адказу на свой ліст у СІЗА КДБ.

Прайшло ўжо 30 дзён, прадугледжаных для адказу адпаведна з заканадаўствам аб зваротах грамадзянаў. Аднак Любоў Кавалёва так і не атрымала ліста зь СІЗА КДБ, куды зьвярталася з патрабаваньнем вярнуць сынавы запісы. Іх Уладзіслаў вёў падчас судовага працэсу і знаёмства з судовымі пратаколамі, складаў у жоўтую тэчку і прасіў, каб маці іх абавязкова захавала. Аднак пасьля выкананьня прысуду разам зь іншымі рэчамі сына Кавалёвай вярнулі пустую тэчку.

«30 красавіка я даслала ліст на імя начальніка СІЗА КДБ, які ўручылі яму 2 траўня. У лісьце я патрабавала вярнуць запісы сына. Але на працягу месяца я так і не атрымала адказу ад начальніка СІЗА КДБ на свой зварот. Таму я пішу старшыні КДБ: «Складаецца ўражаньне, што некаторыя Вашы падначаленыя проста ігнаруюць указ Аляксандра Лукашэнкі наконт працы са зваротамі, лістамі і скаргамі грамадзян. Мяркую, ня варта забывацца, што нацыянальная бясьпека нашай краіны ажыцьцяўляецца і за кошт падаткаў грамадзянаў. І я, як грамадзянка Рэспублікі Беларусь, шмат гадоў запар спраўна плачу падаткі. Хаця б таму я маю права разьлічваць на паважлівае стаўленьне да сябе і настойваю, каб мне далі адказ па сутнасьці, а таксама прыцягнулі да адказнасьці асобаў, вінаватых у бюракратычнай валакіце», — працытавала дасланы старшыні КДБ ліст Любоў Кавалёва.

Маці Ўладзіслава Кавалёва падкрэсьлівае, што прысуд Вярхоўнага суду даўно ўступіў у сілу, што сьмяротнае пакараньне ўжо выкананае і што матэрыялы справы пра выбух у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году не засакрэчаныя. Таму яна па-ранейшаму патрабуе, каб зь СІЗА КДБ, дзе ўтрымлівалі асуджаных Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, усе ж вярнулі запісы сына.

Любоў Кавалёва хоча выканаць яго апошнюю волю — захаваць усе паперы. І непакоіцца, што яны могуць стацца прадметам нейкіх спэкуляцый — бо запісы проста невядомым чынам зьніклі: хоць яны й лічацца асабістай маёмасьцю, іх не даслалі разам з рэчамі сына і не прадставілі ніякіх дакумэнтаў пра зьнішчэньне або далучэньне да нейкага архіву.

Звароты Любові Кавалёвай у СІЗА КДБ і раней заставаліся без адказу: так было двойчы, калі ў гэтай установе зьнікалі даверанасьці Ўладзіслава на імя маці.

«Даверанасьці, складзеныя ў прысутнасьці адваката, мусіў падпісаць кіраўнік СІЗА КДБ. Мне дакладна вядома, што іх перадавалі на подпіс, але да мяне ні першая, ні другая даверанасьць так і не вярнулася. І ніхто ў СІЗА КДБ ня мог патлумачыць, куды яны падзеліся! Я мела б права зьвяртацца ад імя Ўлада ў розныя інстанцыі, але дзьве даверанасьці зьніклі адна за адной — у сьнежні 2011 году і ў студзені 2012 году. Я і тады зьвярталася да Вадзіма Зайцава з просьбай патлумачыць, што адбываецца. Аднак апошні адказ атрымала не ад яго, а з Генпракуратуры, і ўжо пасьля таго, як прысуд быў выкананы. Мне паведамілі, што даверанасьць трэба было складаць у прысутнасьці натарыюса, а не чакаць завярэньня кіраўніком СІЗА КДБ», — апавяла Любоў Кавалёва.

Даведка «Свабоды»: Выбух у менскім мэтро, справа Кавалёва-Канавалава

17 сакавіка стала вядома, што расстралялі абодвух меркаваных выканаўцаў выбуху ў менскім мэтро — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

14 сакавіка зьявілася афіцыйная інфармацыя, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Дзьмітры Канавалаў, таксама асуджаны на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме па гэтай крымінальнай справе, прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела больш за 300 чалавек.

Міжнародныя грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі заклікалі не караць Кавалёва і Канавалава сьмерцю, а таксама правесьці новае расьсьледаваньне акалічнасьцяў выбуху ў менскім мэтро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG