Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пацьвердзіў зьвесткі пра арышт і выстаўленьне абвінавачаньня былому старшыні Полацкага гарвыканкаму Ўладзімеру Тачылу. За год гэта ўжо другі высокі чыноўнік зь Віцебскай вобласьці, які апынуўся за кратамі.

Уладзімера Тачылу арыштавалі яшчэ 21 траўня.

«Сьледчы камітэт пацьвярджае інфармацыю пра тое, што 21 траўня была ўжытая мера стрыманьня адносна былога „мэра“ Полацку Ўладзімера Тачылы. Яму выстаўленае абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, якое прадугледжанае часткай 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэксу. Іншыя падрабязнасьці гэтай справы пакуль, у інтарэсах справы, не агалошваюцца», — паведаміў прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Павал Траўлька.

У Сьледчым камітэце ня кажуць, дзе Ўладзімера Тачылу трымаюць пад вартай — у звычайным сьледчым ізалятары ці ў ізалятары КДБ.

У чым выявілася злоўжываньне ўладай або службовым становішчам з боку Ўладзімера Тачылы, сьледчыя таксама ня кажуць. Паводле кампані «Наш дом» nash-dom.info, былы старшыня быццам бы датычны да махінацыяў зь зямельнымі ўчасткамі.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету і праваабаронца Валер Шчукін згадвае пра Ўладзімера Тачылу: «Што згадаць? Дзякуючы яму я стаў бамжом. Я пачаў зьбірацца ў дэпутаты Полацкага гарсавету, а такі дэпутат, як я, яму быў непатрэбны, і ўсё — далі каманду, і мяне выселілі з кватэры. А далей працэс пайшоў — мяне выкінулі на вуліцу, і дагэтуль жыву без рэгістрацыі, без прапіскі і без усяго. Што яшчэ? Мясцовы князёк. У ягоных руках, дакладней — ягонай сям’і, увесь мясцовы гандаль».

Уладзімер Тачыла кіраваў Полацкім гарвыканкамам 12 гадоў — да лютага 2011 году, і пакінуў ад свайго кіраваньня ня толькі нэгатыўныя ўражаньні. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, сам былы палачанін, адзначае немалую ролю Ўладзімера Тачылы ў адраджэньні Полацку як культурнага цэнтру Беларусі. За час ягонага кіраваньня горадам у Полацку было ўсталявана некалькі помнікаў славутым беларусам: Сімяону Полацкаму, Ефрасіньні Полацкай, князю Ўсяславу Чарадзею, пералічвае Ўладзімер Арлоў.

Пісьменьнік згадвае і пра тое, што пры Ўладзімеру Тачылу ў Полацку пачала адраджацца старажытная тапаніміка: «Полацак даў прыклад іншым беларускім гарадам у вяртаньні гістарычных назваў. Вуліца Леніна зрабілася Ніжнепакроўскай, праспэкт Карла Маркса — праспэктам імя Францішка Скарыны. Таксама можна згадаць, што ў горадзе былі адчыненыя мастацкая галерэя і ўнікальны для Беларусі Дзіцячы музэй. Вядома, ва ўсім гэтым заслуга ня толькі Ўладзімера Тачылы, але яму, як старшыні гарвыканкаму, давялося вырашаць безьліч пытаньняў».

Апошні год пасьля адстаўкі з пасады старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла працаваў намесьнікам старшыні футбольнага клюбу «Нафтан». 5 чэрвеня, калі я пазваніў у клюб, каб даведацца пра лёс спадара Тачылы, там пабаяліся нават паведаміць, што ён арыштаваны: «Ня бачыла яго сёньня і не магу яго запрасіць да слухаўкі. А дзе ён — ён мне не рапартуе».

Скрытнасьць адносна справы былога кіраўніка Полацку можна патлумачыць і мясцовым досьведам: летась, у чэрвені 2011 году, гэтак жа таемна быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар былы намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Леанід Кавалёў.

Жыхары абласнога цэнтру паміж сабой кажуць, што нібыта Кавалёва падазравалі ў хабары і нават былі асудзілі, але за яго заступілася кіраўніцтва вобласьці. Так гэта ці не?

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў на дакладныя крыніцы спаслацца ня можа: «Ведаю, што ён быў пад сьледзтвам. А быў суд ці ня быў, заступаўся за яго хто ці не — ня ведаю, такой інфармацыі няма».

У Віцебскім аблвыканкаме паўтарылі тое самае: што Леанід Кавалёў быў пад сьледзтвам, але ня ведаюць, ці адбыўся над ім суд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG