Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку кампаніі «Наш дом» затрымалі «за тэрарызм», а пасьля адпусьцілі

абноўлена

Затрыманьне адбылося на аршанскім аўтавакзале.

Віцебская актывістка Тацьцяна Якаўлева ехала ў пасёлак Коханава на імпрэзу кампаніі «Наш дом», і везла пакунак зь фірмовымі саколкамі і флікерамі — падарункамі ўдзельнікам.

15.15 Тацяну Якаўлеву пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны. Урэшце прэтэнзіі міліцыянтаў зьвяліся да таго, што ў яе сумках было 29 аднолькавых маек — «буйная партыя», як сказалі ў міліцыі.

«Тратылу ў мяне не знайшлі? Не знайшлі! А што да маек, дык я сказала, што вязу іх у падарунак Мікалаю Петрушэнку, тут нічога незаконнага няма. Міліцыянты гэта запісалі. А калі тры гадзіны скончыліся, я заявіла, што асобу маю спраўдзілі, сумкі агледзелі, пратаколу ня склалі. Значыцца, я вольная. Паднялася і пайшла, мяне больш не затрымлівалі», — апавяла Тацяна Якаўлева, якая ўжо выправілася па ранейшым маршруце, у пасёлак Коханава.

Падчас затрыманьня супрацоўнікі міліцыі заявілі, што Тацяна Якаўлева, паводле службовай арыенціроўкі, падобная па прыкметах да тэрарысткі ў вышуку. І што ў сумках у яе — траціл.
Такія сaколкі Тацяны Якаўлевай аршанская міліцыя прыняла за тратыл
Такія сaколкі Тацяны Якаўлевай аршанская міліцыя прыняла за тратыл

Праўда, арыенціроўку спадарыні Тацяне не паказалі, толькі завезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі.

«Пераглядаюць мае рэчы. У тым ліку саколкі зь лягатыпам кампаніі «Наш дом», — паведаміла праз тэлефон Тацяна Якаўлева.

У Аршанскі ГАУС патэлефанаваў Мікалай Петрушэнка, актывіст кампаніі «Наш дом» з Коханава, куды і кіравалася спадарыня Тацяна. Там заплянаваная імпрэза — спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і невялікі паход па рэчцы Сакалянцы.

«Міліцыянты сказалі, што ім забаронена са мной размаўляць, і ад тэлефонных камэнтароў адмовіліся. У мяне такое ўражаньне, што яны хочуць сарваць наша мерапрыемства, бо адзіным «падазроным грузам» у Тацяны былі рэчы з сымболікай кампаніі — сказаў Мікалай Петрушэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG