Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксуальны турызм ці шлюбны?


Квартал "чырвоных ліхтароў" у Амстэрдаме

Квартал "чырвоных ліхтароў" у Амстэрдаме

Намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Чэслаў Шульга ў эфіры СТВ выказаўся на тэму сэкс-турызму ў Беларусі.

У перадачы «Карціна сьвету» на канале СТВ вядучы спытаўся ў Чэслава Шульгі:

«А ці ўсе віды паслугаў добрыя для турызму? Вось Амстэрдам, сэкс-паслугі... Я чаму пытаюся – я размаўляў з адным прадстаўніком іншай краіны, які кажа, што з Італіі, з Турцыі прыяжджаюць, выбачайце, на выходныя сэкс-турысты ў Беларусь...»

На гэта намесьнік міністра адказаў:

«Тут выбачацца няма чаго, бо гэта тое, што сёньня, дапусьцім, запатрабавана ў Даніі, яны знайшлі, як кажуць, козыр, і займаюцца гэтай справай. Натуральна, што мы сёньня не культывуем, ня кажам: “Прыяжджайце да нас па сэкс-паслугі...". Але далей намесьнік міністра сказаў наступнае. "... Калі ў кагосьці ёсьць цікавасьць, то хай едзе, шукае, знаёміцца, жэніцца».

Паводле сайту telegraf.by, пасьлядоўным прыхільнікам легалізацыі прастытуцыі ў Беларусі зьяўляецца старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. У студзені сёлета ён заявіў у інтэрвію сайту: «Прастытуцыя была, ёсьць і будзе. Гэта лепш за усіх ведаюць менавіта тыя людзі, якія робяць выгляд, што змагаюцца зь ёю. Так, існаваньне афіцыйнай магчымасьці купіць сэкс за грошы, магчыма выклікае лютасьць у некаторых старэючых жонак, якія не разумеюць, што цяпер іх мужы (калі ўжо яны „хадакі“ па прыродзе сваёй) на палюбоўніц марнуюць значна больш».

Выказваньне Чэслава Шульгі выклікала шырокі розгалас. Сустаршыня незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павел Севярынец выступіў з рэзкай крытыкай заявы чыноўніка. Аргкамітэт партыі разаслаў у мэдыі заяву Паўла Севярынца, у якой у прыватнасьці палітык заявіў:

«Прадаюць усё: беларускую маёмасьць, палітвязьняў, родную мову Крамлю. І вось цяпер яны шукаюць, што б яшчэ прадаць... Аказваецца, ёсьць яшчэ найпрыгажэйшыя ў сьвеце беларускія дзяўчаты: прыяжджайце багаценькія расейскія бураціны — купляйце беларускіх дзяўчат. Брыдота далей няма куды».

Да пазыцыі намесьніка міністра спорту і турызму і старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі далучыўся і пісьменьнік Адам Глобус. У інтэрвію Эўрарадыё ён, у прыватнасьці, сказаў:

«Я ведаю, куды сябра звадзіць паесьці, выпіць, пагуляць, пакатацца на лодачцы на азёрах ці па Сьвіслачы — гэта ў нас усё добра. А куды да дзевак ці да хлопчыкаў — я ня ведаю. Мой асабісты досьвед паказвае, што няма сярод гэтых дзяўчат прафэсіяналак, што ім трэба вучыцца, вучыцца і вучыцца. Калі мы будзем хутка адкрываць бардэлі — трэба дзяўчат прывозіць з Тайлянду». А на пытаньне, ці трэба ў Менску адчыніць вуліцы чырвоных ліхтароў, пісьменьніка адказаў:

«Трэба, адназначна. Таму што цяпер у нас усё гэта нелегальна, гадка, брудна, крымінальна... А можна гэта усё легалізаваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG