Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўчану прапісалі кроплі для вока


Андрэй Моўчан
Андрэй Моўчан

Зьбіты міліцыянтамі актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Моўчан 5 чэрвеня ў размове са «Свабодай» распавёў, што цяпер лечыць вока.

«Акуліст правяла абсьледаваньне і сказала, што ёсьць хвароба. Прычым менавіта ад удару ў вока. Яна хацела рабіць уколы і папярэдзіла, што я не змагу ў такія дні чытаць. А ў мяне ад 6 чэрвеня пачынаецца сэсія на гістарычным факультэце БДУ, дзе я завочна вучуся. Таму я папрасіў нейкае менш радыкальнае лячэньне. Тады яна прапісала кроплі для вока, пасьля якіх нельга чытаць толькі дзьве гадзіны. Я імі і карыстаюся».

Моўчан таксама сказаў, што час ад часу баліць галава:

«Нейкімі скачкамі ўсё атрымліваецца, то баліць, то кружыцца, то нармальна сябе адчуваю. Заўтра пайду ў паліклініку. Пачую, што скажуць спэцыялісты».

28 траўня на Андрэя Моўчана ў міліцыі склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Адзін паводле стандартнага ўжо для апазыцыянэраў артыкула 17.1, што нібыта лаяўся матам. Другі — 23.34, несанкцыянаванае пікетаваньне. «Пасьля гэтага мяне з праваахоўных органаў не турбавалі», — кажа актывіст.

19 траўня Андрэй Моўчан разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг каля ўнівэрсама «Першамайскі» ў менскім мікрараёне Ўручча на знак салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка зьбілі. Паводле папярэдняй высновы лекараў, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.

25 траўня Андрэя Моўчана выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі, накіраваўшы на лячэньне ў паліклініку. У эпікрызе пры выпісцы пазначана толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Пералом сківіцы, а таксама іншыя траўмы стаяць пад пытаньнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG