Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацбанк робіць інтэрвэнцыі, каб не пачалася паніка»


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Шэраг буйных беларускіх банкаў канстатаваў адток тэрміновых рублёвых дэпазытаў насельніцтва ў апошні тыдзень траўня. Ці ня сьведчыць гэты факт, разам з падзеньнем курсу беларускага рубля апошнімі днямі, пра пэўныя панічныя настроі беларускіх укладчыкаў? Ці не адыдзе Нацбанк ад сваёй стратэгічнай лініі на зьмяншэньне стаўкі рэфінансаваньня?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Цыганкоў: «Наколькі сур’ёзны можа быць гэты адток рублёвых укладаў? Ці ня стане ён штуршком для пэўных панічных настрояў сярод насельніцтва, або гэта толькі нармальная рэакцыя людзей на зьніжэньне працэнтных ставак?»

Жаліба: «Хутчэй, другое. Я не лічу, што падставы для панікі ёсьць. Калі былі высокія працэнты па рублёвых укладах, то тыя людзі, якія добра арыентуюцца ў банкаўскай палітыцы, з задавальненьнем рабілі кароткатэрміновыя ўклады — ад месяца да трох. Бо працэнты перавышалі інфляцыю, і на гэтым можна было добра зарабляць. Але цяпер, калі тэрміны дэпазытаў скончыліся, то людзі перасталі іх працягваць. Стаўка рэфінансаваньня зьменшылася, і адпаведна зьменшыліся працэнты па ўкладах.

Зь іншага боку, лёгкая паніка выкліканая тым, што даляр пачаў моцна расьці, ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі. І гэта паспрыяла таму, што ўкладчыкі здымаюць свае ўклады і канвэртуюць іх у даляры».

Цыганкоў: «Ці ня могуць гэтыя падзеі паўплываць на стратэгічную лінію Нацбанку на зьмяншэньне стаўкі рэфінансаваньня? Можа, у Нацбанку спалохаюцца адтоку ўкладаў і зноў пачнуць падвышаць стаўку?»

Жаліба: «Я думаю, не. Кіраўніца Нацбанку Ермакова ўжо заявіла, што неўзабаве будзе чарговае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня яшчэ на два працэнты. Я думаю, што золатавалютныя рэзэрвы дастатковыя. Да таго ж Пуцін пацьвердзіў нядаўна, што Беларусь атрымае чарговы транш крэдыту ЭўрАзЭС.

Але пэўная насьцярожанасьць з боку Нацбанку павінна быць, каб уважліва назіраць за сытуацыяй. Бо на беларускую сытуацыю могуць уплываць усясьветныя і расейскія рынкі, дзе курс даляра істотна павысіўся».

Цыганкоў: «Курс даляра да беларускага рубля вырас літаральна за тыдзень на 3–4 працэнты. Ці пачне Нацбанк рабіць інтэрвэнцыі на біржы альбо траціць золатавалютныя рэзэрвы, каб падтрымаць курс рубля?»

Жаліба: «Так, я думаю, Нацбанк ужо рабіў кропкавыя інтэрвэнцыі на біржы, каб стабілізаваць хістаньні курсу. І, я думаю, Нацбанк будзе рабіць гэта і надалей, каб нэгатыўныя чаканьні не перайшлі ў паніку. Рэзэрвы вялікія, каб рабіць гэтыя кропкавыя інтэрвэнцыі і далей».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG