Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: Беларусы ўсё больш бяспраўныя


Пра сур’ёзнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году гаворыцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, Наві Пілэй. Справаздача падрыхтаваная да 20-й сэсіі Рады ААН у правах чалавека, якая пачне працу 18 чэрвеня. Дакумэнт ахоплівае пэрыяд з 19 сьнежня 2010 году па 23 сакавіка 2012-га.

«Адказам ураду на пераважна мірную дэманстрацыю ў Менску, удзельнікі якой пратэставалі супраць таго, як праходзілі выбары, стаў масавы перасьлед палітычнай апазыцыі, праваабарончых групаў і незалежных СМІ. У дзень выбараў або неўзабаве пасьля іх было агулам арыштавана і затрымана звыш 600 чалавек. 43 лідэрам апазыцыі, актывістам і незалежным журналістам, у тым ліку пяці зь дзевяці кандыдатам ад апазыцыі, былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды» — гаворыцца ў дакладзе.

Паводле зьвестак вярхоўнага камісара ў правах чалавека, падчас разгону акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году і пазьней ня менш чым 21 журналіст быў зьбіты, 27 журналістаў былі затрыманыя, у дачыненьні да 13 быў ужыты адміністрацыйны арышт.

«Адным з самых яскравых прыкладаў уціску СМІ» ў дакладзе называецца справа журналісткі Ірыны Халіп, якая была арыштаваная 19 сьнежня 2010 году падчас інтэрвію ў наўпроставым эфіры расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Даклад адзначае, што на працягу 2011 году падчас маўклівых акцый пратэсту былі затрыманыя ня менш за 95 журналістаў: 22 журналісты адказвалі перад судом, 13 былі прысуджаныя да розных формаў адміністрацыйнага арышту, астатнія — аштрафаваныя.

У дакладзе таксама згадваецца пра перасьлед праваабаронцаў у Беларусі, у тым ліку пра рэпрэсіі ў дачыненьні да незарэгістраванага цэнтру «Вясна» і яго кіраўніка Алеся Бяляцкага, які прысуджаны да турэмнага зьняволеньня нібыта за няўплату падаткаў у асабліва буйным памеры.

У дакумэнце гаворыцца і аб праблеме сьмяротнага пакараньня. Даклад адзначае, што апошнія сьмяротныя прысуды былі прыведзены ў выкананьне, нягледзячы на афіцыйную просьбу Камітэта ААН у правах чалавека не ажыцьцяўляць пакараньне, пакуль Камітэт разглядае скаргі асуджаных.

У дакладзе таксама ўтрымліваецца шэраг рэкамэндацый ураду Беларусі, у прыватнасьці «неадкладна і безь якіх-небудзь умоваў вызваліць зьняволеных прадстаўнікоў апазыцыі, актывістаў і журналістаў, якія падчас падзеяў 19 сьнежня 2010 году і пасьля не чынілі ніякіх гвалтоўных дзеяньняў; правесьці бесстароньняе, вартае даверу і аб’ектыўнае расьсьледаваньне абставінаў арышту і затрыманьня вышэйзгаданых асобаў і прыняць неадкладныя захады для іх рэабілітацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG