Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст Максім Вінярскі пра ўмовы на Акрэсьціна: «Там усё горш»


4 чэрвеня з ізалятара на Акрэсьціна выйшлі на волю актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, а таксама нацыянал-бальшавікі Яўген Контуш і Дзьмітрый Сіняк. Актывісты кажуць пра «сярэднявечныя ўмовы» ўтрыманьня ў ізалятары, дзе ім давялося адбываць адміністрацыйны арышт.

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, які выйшаў 4 чэрвеня на волю, згадвае, як яго затрымалі 30 траўня і прывезьлі ў міліцэйскі пастарунак. Там Максім убачыў Яўгена Контуша і Дзьмітрыя Сіняка. На іх таксама склалі пратаколы нібыта за нецэнзурную лаянку, у той жа дзень асудзілі на 5 сутак і адправілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Маладыя людзі трапілі ў адну камэру, у якой увесь час са зламанага бачка лілася вада ў каналізацыю, згадвае Максім Вінярскі:

«Была сапсаваная каналізацыя, і вада лілася бесьперапынна. Быў невыносны гук, высокая вільгаць, у камэры з-за гэтага было холадна. Ва ўсім астатнім — як звычайна, нічога таксама добрага. За ўвесь тэрмін адзін раз вывелі на шпацыр, але не на гадзіну, як трэба. Больш не выводзілі, хоць мусілі».

Арыштанты паскардзіліся на дрэнныя ўмовы ў камэры, але і пасьля гэтага Максіма Вінярскага пакінулі даседжваць тэрмін у той жа камэры. Яўгена Контуша зь Дзьмітрыем Сіняком перавялі ў іншае памяшканьне. Але і там было ня лепш, згадвае лідэр беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўген Контуш:

«Гэта жахліва, мець у цэнтры Эўропы такія ўмовы ў гарадзкім ізалятары, якія дзесяцігодзьдзямі не мяняюцца! Нічога няма: чытаць немагчыма, бо асьвятленьня няма. Перадач, акрамя вады і цыгарэт — не даюць. Ложкаў няма — драўляны подыюм, нават матрасаў не даюць. Гэта нейкае сярэднявечнае падзямельле».

Яшчэ 5 дзён у ізалятары на Акрэсьціна будзе сядзець актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Дзьмітрый Паліенка. Тыдзень таму хлопцу споўнілася 18 год, і гэтым разам суд адносна яго не абмежаваўся накіраваньнем дакумэнтаў у інспэкцыю па справах непаўналетніх. 10 сутак арышту атрымаў і актывіст Дзяніс Сахар, які прынёс на Акрэсьціна перадачу для сваіх сяброў — нацыянал-бальшавікоў. На волю Дзяніс мае выйсьці 10 чэрвеня.

9 чэрвеня скончыцца 10-дзённы, другі па ліку тэрмін пакараньня ў аўтара пляката «Мусарок» Івана Амельчанкі. Маці ўдзельніка «Чарнобыльскага шляху» Ганна Амельчанка кажа, што нават ня ведае, ці пакінулі сыну спальнік, які яна перадала яму падчас ягонага першага адміністрацыйнага арышту:

«Ня ведаем, забралі ў яго спальнік ці не. У мінулую пятніцу павінна зь ім сустрэцца адвакатка, але не атрымалася — адвакатка была на працэсе над прафэсарам».

Згаданы арыштант — прафэсар Санкт-Пецярбурскага Эўрапейскага ўнівэрсытэту, беларускі палітоляг Аляксей Пікулік. Ён таксама арыштаваны нібыта за нецэнзурную лаянку на вуліцы, сьведкам чаго нібыта былі міліцыянты. Бацька Аляксей Пікуліка Ўладзімер зьвесткі пра ўмовы, у якіх знаходзіцца сын на Акрэсьціна, атрымлівае толькі з інтэрнэту:

«Асаблівых зьвестак няма. Кожны дзень ежджу, перадаю перадачы. Прынялі спальнік і цёплыя рэчы. А так, як звычайна — ваду і цыгарэты. Яны, аказваецца, там асабліва каштоўныя».

За выходныя з Акрэсьціна выйшлі маладафронтаўцы Мікалай Дземідзенка, Уладзь Яроменак і Зьміцер Крамянецкі, якія адбылі ў ізалятары па некалькі тэрмінаў запар. На Акрэсьціна яшчэ застаецца актывіст «Маладога фронту» Раман Васільеў, які атрымаў найбольшы тэрмін — 12 сутак — адразу ж, як толькі адседзеў таксама 12 сутак.

Тым часам удзельнікі беларускай ініцыятывы «Праваабаронцы супроць катаваньняў» зьвярнуліся ў ААН у працоўную групу супроць адвольных затрыманьняў з просьбай адрэагаваць на хвалю адміністрацыйных арыштаў беларускіх актывістаў паводле сфальшаваных, як лічаць праваабаронцы, падставаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG