Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беражыце дзяцей ад сонца


1700 пляжных ручнікоў сфатаграфаваныя з самалёта падчас кампаніі супраць загару. Аўстралія, 2009 год
1700 пляжных ручнікоў сфатаграфаваныя з самалёта падчас кампаніі супраць загару. Аўстралія, 2009 год

Большасьць бацькоў ахоўвае сваіх дзяцей ад празьмернага ўзьдзеяньня сонца да часу, пакуль дзяцей трэба насіць або вазіць у вазку.

Але калі яны навучацца хадзіць, ахова ад сонца адыходзіць на далейшы плян у параўнаньні зь іншымі праблемамі дзіцячага выхаваньня.

Лекары перасьцерагаюць, што калі ахова дзяцей ад сонца ня стане такім агульным навыкам, як ужываньне паса бясьпекі ў аўтамашыне, рызыка шкодных сонечных апёкаў, якія празь дзесяцігодзьдзі могуць абярнуцца ў сьмяротныя ракавыя захворваньні, будзе ўзрастаць.

Шматлікія мэдычныя досьледы сьведчаць, што каля 80% шкоднага ўзьдзеяньня ультрафіялетавага сонечнага выпраменьваньня прыпадае на пэрыяд жыцьця чалавека да 18 гадоў.

Празьмернае загараньне ў дзяцінстве і маладосьці, нават калі яно не вядзе да ракавых захворваньняў скуры, наогул мае іншыя непрыемныя наступствы — скура такога чалавека ў старэйшым узросьце робіцца больш паморшчанай, шорсткай і плямістай, чым у тых, хто актыўна карыстаўся крэмам ад загару ці іншымі сродкамі аховы ад узьдзеяньня сонечных прамянёў.

Пытаньне аховы ад сонечнага выпрамяненьня набывае ўсё большае значэньне і ў сувязі з разбурэньнем і вычэрпваньнем азонавага слою вакол Зямлі.

Празьмернае сонечнае апрамяненьне можа прывесьці да двух тыпаў ракавых захворваньняў скуры. Першы тып называецца базальнай плоскаклетачнай карцыномай, а другі тып — мэляномай. Другі тып захворваньня значна больш небясьпечны, бо яго цяжэй выкрыць у раньняй стадыі, калі ён яшчэ не дае злаякасных пухлінаў.

У досьледзе, які праводзілі аўстралійскія лекары ў дачыненьні да 1621 пацыента на працягу 10 гадоў, выявілася, што колькасьць захворваньняў на рак мэляномнага тыпу была ўдвая меншая ў тых пацыентаў, якія штодня накладалі крэм ад загару на галаву і плечы, чым у тых, якія карысталіся такім крэмам радзей.

У сонечнай Аўстраліі, дзе захворваньні на рак скуры ў мінулым мелі прыкметы эпідэміі, улады правялі сярод бацькоў і дзяцей шырокую грамадзкую кампанію пад назовам «no hat, no play» (прыблізна: «нельга гуляць бяз шапкі»). У выніку гэтай кампаніі Аўстралія стала адной зь нешматлікіх краінаў на сьвеце, у якіх колькасьць захворваньняў на рак скуры пачала зьніжацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG