Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Мікалая Дзядка на паўгода зьмясьцілі ў адзіночку. Да Яўгена Васьковіча не даходзяць лісты і пасылкі ад сяброў. Маці Ігара Аліневіча ў нядзелю вярнулася з доўгатэрміновага спатканьня. Бацькі Арцёма Пракапенкі едуць на двухдзённае спатканьне з сынам 6 чэрвеня. Ніхто з асуджаных анархістаў на амністыю не спадзяецца.

Бацьку Мікалая Дзядка спадару Аляксандру дасьведчаная крыніца са Шклоўскай калёніі паведаміла, што ягоны сын зьмешчаны на паўгода ў камэру-адзіночку:

«У іхным атрадзе ўвялі шасьцідзённы працоўны тыдзень, і ён сказаў пра сваю нязгоду. Толькі сказаў, і ўсё. І гэта адразу пацягнула за сабой пазбаўленьне доўгатэрміновага спатканьня з маці і жонкай, а таксама яму незаконна зьмянілі рашэньнем начальніка калёніі рэжым утрыманьня на больш суровы: адзіночная камэра на паўгода. І цяпер да яго амністыя ня можа быць ужытая, бо на ім больш за 10 спагнаньняў».

Маці Аляксандра Францкевіча таксама ня мае ілюзіяў наконт маючай адбыцца амністыі:

«Я ня маю надзеі. Сын крыху спадзяецца, але я асабліва не разьлічваю. Сын кажа, што многія зьняволеныя чакаюць, што будзе амністыя. Але казалі ж, што пад амністыю ў асноўным трапяць асуджаныя за эканамічныя злачынствы. А палітычныя – наўрад ці. Хацелася б спадзявацца, але...»

Валянціна Аліневіч толькі што вярнулася з доўгатэрміновага спатканьня з сынам з Наваполацкай калёніі. Ілюзій наконт амністыі ні ў яе, ні ў сына няма:

«Настрой кепскі. Таму што ты вяртаесься, а ён там застаецца. Ён там – як у канцлягеры. Трымаецца добра. Яны ж нічога не распавядаюць. А скардзіцца сваім матулям – яны ж дастаткова моцныя мужыкі, каб сваіх мам ня ўводзіць у расстройства».

А бацькі Арцёма Пракапенкі толькі зьбіраюцца 6 чэрвеня на доўгатэрміновае спатканьне з сынам, які цяпер адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі, куды яго перавялі са Шклова. У суботу Арцём тэлефанаваў дадому, распавяла ягоная маці спадарыня Віялета:

«Наагул нічога канкрэтна ня кажа. Я пытаюся: «У цябе нейкія праблемы?» Ён кажа, што пра ўсё пагаворым на спатканьні. Настрою ў яго няма, кажа, што толькі з працы прыйшоў, моцна стамляецца, працуе маляром. Дыхае пастаянна фарбай, хоць бы маскі якія давалі... Голас яго мне не спадабаўся. І да яго не даходзяць лісты ад сяброў, толькі мае лісты атрымлівае. Больш нічога не даходзіць».

Што да амністыі, спадзеву на яе ў Арцёма Пракапенкі мала, кажа спадарыня Віялета:

«У лепшым выпадку, магчыма, на год скароцяць тэрмін пакараньня. А на тое, што выйдзе на волю, не спадзяецца».

Да Яўгена Васьковіча таксама даходзяць толькі лісты ад маці і бабуль, ад іншых не даходзяць. Яўгенава сяброўка Любоў Каменева распавяла:

«За ўвесь час я атрымала толькі два лісты. Я яму і пасылкі пасылала, прасіла, каб ён адказаў, ці атрымлівае гэтыя пасылкі. Ён не адказвае нічога. Прасіў Яўген даслаць яму слоўнік. Мы запакавалі ўсё ў капэрту, даслалі, потым недзе празь месяц вяртаецца гэтая капэрта, і на ёй напісана, што не дастаўлена адрасату, таму што прыйшла ў разарваным выглядзе. Але я дасылала капэрту цэлай. Так што ня ведаю, што там у яго. І ня ведаю, як даведацца».

Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандар Францкевіч праходзілі ў так званай справе анархістаў. Атрымалі адпаведна 8, 4,5 і 3 гады зьняволеньня. Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка асуджаныя разам з Паўлам Сырамалотавым на тэрмін па 7 гадоў зьняволеньня кожны за спробу падпалу дзьвярэй бабруйскага аддзелу КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG