Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генкантракт на будаўніцтва АЭС у Астраўцы падпішуць у чэрвені


«Мы для сябе паставілі дату — 18–19 чэрвеня. Гэтае пытаньне патрабуе фармалізацыі расейскага і беларускага бакоў», — паведаміў агенцтву РИА Новости кіраўнік ніжагародзкага ААТ «Атамэнэргапраект» Валеры Лімарэнка.

Тэндэр на будоўлю АЭС выйграла расейскае таварыства"Атамбудэкспарт«. Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне аб выдзяленьні Расеяй на праект дзяржкрэдыту ў 10 мільярдаў даляраў.

Раней паведамлялася, што ў 2012 годзе на будаўніцтва будзе выдзелена 40 мільёнаў даляраў ЗША. Столькі ж трэба будзе асвоіць за першы квартал 2013-га. Да канца 2013-га году колькасьць рабочых на пляцоўцы АЭС мае вырасьці да 2,6 тысячы чалавек.

У сакавіку 2011 году Беларусь і Расея падпісалі міжурадавае пагадненьне пра супрацоўніцтва ў справе будоўлі АЭС. Будаваць АЭС у Беларусі плянуецца паводле расейскага праекту «АЭС-2006». Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю да 2400 Мвт. Пабудуюць станцыю на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці.

Першы блёк станцыі плянуецца ўвесьці ў эксплёатацыю ў 2017 годзе, другі — у 2018 годзе.

31 траўня 2012 году праект генэральнага кантракту быў парафіраваны Расеяй і Беларусьсю падчас візыту Ўладзімера Пуціна ў Менск. У той жа дзень кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій, навукоўцы Георгі Лепін і Ягор Фядзюшын перадалі ў амбасаду Расеі пэтыцыю супраць будаўніцтва Беларускай АЭС.
XS
SM
MD
LG