Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У  артыкуле --> http://www.nytimes.com/interactive/2012/06/03/magazine/innovations-issue.html з такой назвай, апублікаваным у New York Times, распавядаецца пра розныя, часам, экстравагантныя тэхнічныя ідэі, якія могуць істотна зьмяніць нашае жыцьцё.

Артыкул пачынаецца з ўзгадкі пра тое, што насамрэч электрычнасьць далёка не адразу знайшла тэхнічнае ўвасабленьне. Толькі ў 1879 годзе Томас Алва Эдысан прыдумаў, як зрабіць электрычную лямпачку. Аднак толькі праз 40 гадоў, у 20 гадох ХХ стагодзьдзя вытворчасьць электрычных прыбораў стала сталым бізнэсам. Цяперашняе жыцьцё немагчыма ўявіць сабе без электрычнасьці, але ў ХІХ стагодзьдзі спробы яго практычнага ўжываньня, фактычна, канчаліся правалам.

Ня выключана, што і некаторыя вынаходніцтвы сёньняшняга дня, якія здаюцца недарэчнымі і няўдалымі, праз пэўны час чакае такі ж посьпех, як у свой час — лямпачку Эдысона.

Прапануем вам апісаньне некаторых з гэтых вынаходніцтваў.

Кашуля, якая вытварае электрычнасьць за кошт розьніцы тэмпэратуры ў розных частках чалавечага цела. Не АЭС, але на сілкаваньне MP3-плеера хопіць

Бялізна-кантралёр. Датчыкі на бялізьне замяраюць актыўнасьць вашых мускулаў, і калі яна недастатковая, раяць больш рухацца і прапануюць практыкаваньні для пэўных груп мышцаў

Экран кампутара — увесь пакой. Манітор кампутара маленькі. А чаму б не спраецыраваць экран на лядоўню ці кухонны стол? Ясьце сьняданак і глядзіце навіны на кухонным стале.

Сам сабе стаматоляг. Адмысловы чып, умантаваны ў зуб, будзе ацэньваць стан бактэрыяльнага асяродзьдзя ў роце і на зубах і папярэджваць аб інфэкцыі.

Мазгамер. Невялікі датчык, умацаваны на галаве, будзе адсочваць стан мэнтальнага здароўя і рабіць раньнюю дыягностыку такіх хваробаў, як шызафрэнія, дэпрэсія, хваробы Паркінсона ці Альцгаймэра

Адаптыўны транспартны кантроль (АСС) — ужо рэальнасьць. Кампутар ацэньвае сытуацыю на дарозе і задае аптымальную хуткасьць руху і дыстанцыю ад астатніх машын. Мадэляваньне паказала, што аснашчэньне АСС чвэрці машын на дарозе скарачае імавернасьць коркаў на 20%.

Сам сабе хуткая дапамога. Датчык, умантаваны ў аўтамабіль, у выпадку аварыі робіць мэдычны аналіз і 3D-сканаваньне пацярпелых. Да прыезду хуткай ужо гатовыя папярэднія вынікі мэдычнага дасьледаваньня наступстваў аварыі.

Робат-котка. Хатнія жывёлы супакойваюць, паляпшаюць псыхічны настрой. Але калі няма магчымасьці трымаць жывую жывёлу? Можна завесьці штучную — робата-котку, які імітуе рэакцыі на ласку.

Гэтыя і іншыя прыклады вынаходніцтваў у бліжэйшы час могуць быць ўвасобленыя ў жыцьцё, вельмі істотна зьмяніўшы яго.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG