Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Для чаго Беларуская калійная кампанія пераходзіць пад швэйцарскі сьцяг?


Як  паведаміла --> http://naviny.by/rubrics/economic/2012/06/04/ic_articles_113_178052/ інтэрнэт-выданьне «Беларускія навіны», офіс Беларускай калійнай кампаніі (трэйдар «Беларуськалія» і расейскага «Ўралкалія») плянуецца перавесьці пад іншую юрысдыкцыю — у Швэйцарыю.

Выданьне выказвае меркаваньне, што такім чынам Беларусь знайшла спосаб абараніцца ад магчымых эканамічных санкцый з боку ЭЗ і ЗША ў дачыненьні да мінэральных угнаеньняў — аднаго з галоўных крыніц паступленьня валюты. Аднак, на думку экспэрта Інстытуту мэнэджмэнту і прыватызацыі Ірыны Тачыцкай, пераход пад швэйцарскую юрысдыкцыю абумоўлены зусім ня страхам перад санкцыямі, ад якіх гэта апэрацыя, да таго ж, не абараняе.

Аб верагоднасьці пераносу офісу БКК пад іншую юрысдыкцыю на днях паведаміў генэральны дырэктар «Уралкалію» Ўладзіслаў Баумгертнер. Паводле яго, гэта дасьць магчымасьць атрымаць дадатковыя канкурэнтныя перавагі, перш за ўсё, эфэктыўнае гандлёвае фінансаваньне для рэалізацыі сумесных інвэстпраектаў на рынках збыту.

Аднак экспэрты ўгледзелі ў гэтым і іншыя выгады. «Ініцыятыва перарэгістраваць кампанію ў Швэйцарыі — гэта разумная думка. Кампанія здыме зь сябе палітычныя і краінавыя рызыкі. Колькі разоў ўзьнікалі рызыкі ўвядзеньня Злучанымі Штатамі эканамічнага эмбарга на пэўныя віды прадукцыі. Калі ж трэйдар будзе зарэгістраваны ў Швэйцарыі, то пагроза санкцый адпадзе сама сабой, і Беларусь зможа спакойна прадаваць мінэральныя ўгнаеньні », — заявіў «Беларускім навінам» аналітык расейскай інвэстыцыйнай кампаніі «Атон» Міхаіл Пак.

Беларускі экспэрт Ірына Тачыцкая мае іншую думку. Яна зьвяртае ўвагу на тое, што галоўныя рынкі збыту беларускіх калійных угнаеньняў — зусім не краіны ЭЗ і ЗША, а Індыя, Кітай і Бразылія, якія не зьбіраюцца ўводзіць супраць Беларусь ніякіх санкцый. Акрамя таго, падкрэсьліла Тачыцкая, санкцыі ўводзяцца супраць кампаній краіны, якія маюць высокую долю нацыянальнага капіталу. У гандлёвай фірме «Беларуская калійная кампанія» 50% належыць «Уралкалію», 45% — «Беларускалію», 5% — Беларускай чыгунцы. Калі кампанія будзе зарэгістраваная ў Швэйцарыі, беларуская доля ў ёй нікуды не падзенецца, а значыць санкцыі, калі іх вырашаць увесьці, закрануць яе і там.

«Я мяркую, што матыў гэтага рашэньня — чыста эканамічны. Расейскія гандлёвыя кампаніі любяць працаваць у Швэйцарыі, гэта доступ да крэдытаў у швэйцарскіх банках пад нізкі адсотак, гэта страхавыя гарантыі», — сказала Ірына Тачыцкая.
XS
SM
MD
LG