Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іркуцкія беларусы: «Мы не экстрэмісты»


Калёна сяброў Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага прыняла ўдзел у гарадзкім карнавале, які адбыўся ў Дзень гораду.

Чаму было так важна прайсьціся па вуліцах Іркуцку пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, распавядае Алег Рудакоў, старшыня таварыства беларускай культуры ў Іркуцку:

«У Іркуцку тры гады таму ўзьнікла раптоўна такая традыцыя — у дзень гораду праводзіць карнавальнае шэсьце. І ў мінулым годзе мы ўпершыню ў гэтым прынялі ўдзел. Але тады ў нас было недзе 40 чалавек, а цяпер у два разы болей мы сабралі людзей. Гэта нашыя актывісты, маладыя ўдзельнікі з Таварыства беларускай культуры, з моладзевага клюбу „Крывічы“. Апроч нас, з нацыянальных аб’яднаньняў удзельнічаў толькі бурацкі цэнтар і ўкраінскі, але ў іх літаральна некалькі чалавек выйшла.

Для нас было вельмі важна прыняць удзел у гэтым карнавальным шэсьці, таму што супраць нас вядзецца справа аб экстрэмізьме. Я лічу, што гэта непаразуменьне, але, магчыма, сьледчыя органы лічаць інакш».

Расейскія праваахоўныя органы ў Іркуцку распачалі супраць 26-гадовага тамтэйшага беларуса Аляксея Кухты справу аб экстрэмізьме. Яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкула «Ўзбуджэньне нянавісьці альбо варожасьці, а таксама зьнявага чалавечай годнасьці». Паводле інфармацыі расейскіх праваахоўных органаў, ён выкладваў «экстрэмісцкія фатаграфіі і відэа» на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Падчас ператрусу ў ягонай кватэры былі знойдзеныя «нашыўкі з нацысцкай сымболікай і літаратура экстрэмісцкага зьместу». Алег Рудакоў кажа, што хлопец зрабіў гэта «праз глупства, а сам ён даволі дабрадушны і мяккацелы чалавек». Да таго ж здымкі гэтыя былі разьмешчаныя ў 2008 годзе, а ў таварыства Кухта прыйшоў у 2009-м. Але ўсе абвінавачаньні ён прызнаў і цяпер знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.

Алег Рудакоў: «Нам, безумоўна, вельмі шкада, што ён так зрабіў. Ён быў шараговы сябра, прыходзіў да нас толькі некалькі разоў. Але чамусьці сьледчыя органы зрабілі выснову, што, можа, мы ўсе такія там. Прыйшлі да нас у сядзібу, зрабілі ператрус. Вельмі шмат задавалі пытаньняў наконт нашай эмблемы, наконт нашых сьцягоў бел-чырвона-белых, наконт „Пагоні“. Я ім даводзіў, што гэта нашыя гістарычныя сымбалі, што мы палітыкай не займаемся, знаходзімся вельмі далёка ад Беларусі. Увогуле, мне было цікава: чаму вы пра гэта пытаецеся, калі да нас з боку Беларусі пра гэта няма пытаньняў? Мы грамадзяне Расеі, жывем у Іркуцку, ну, выкарыстоўваем мы гістарычныя сымбалі — якая розьніца? Каб у нас, напрыклад, была эмблема „мядзьведзь“ — гэта было б добра ці не?»

Алег Рудакоў кажа, што цяпер справа атрымала «другое дыханьне». Аляксей Кухта застаецца пад падпіскай пра нявыезд, а на допыты выклікаюць сяброў таварыства:

«Самае большае — хоць гэтага ж ня можа быць! Гэта няпраўда! — але калі яны ўсё ж нацягнуць і скажуць, што мы экстрэмісцкае аб’яднаньне, то мне можа быць і пазбаўленьне волі як кіраўніку. Дзьве нашыя арганізацыі — Таварыства беларускай культуры і моладзевы клюб „Крывічы“ — могуць зачыніць. Але я спадзяюся, што гэтага ня будзе. Мы ведаем, што гэта ўсё хлусьня, мы экстрэмісцкімі справамі не займаемся, мы сапраўды патрыёты сваёй гістарычнай радзімы. І гэтым трэба ганарыцца. Мы грамадзяне Расеі, і мы не парушаем закон Расеі. Мы не займаемся палітыкай, ня ўдзельнічаем у палітычных акцыях. Што тут такога злачыннага ў нашай дзейнасьці?! Таму для нас важна, што мы з годнасьцю прайшліся па цэнтральнай вуліцы Іркуцку, паказалі нашы традыцыйныя беларускія танцы, гучала музыка старадаўняя беларуская. Паказалі гораду Іркуцку беларускую прысутнасьць і еднасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG