Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары вёскі Прыпернае бароняць клюб і бібліятэку


Драўляны будынак, у якім месьціліся культурныя ўстановы, загадалі зьнесьці мясцовыя ўлады. Пэрспэктыва хадзіць па кнігі за тры кілямэтры ў суседнюю вёску жыхароў Прыпернага не задавальняе.

Ранкам 4 чэрвеня ў Прыпернае прыехалі людзі, якія пачалі зьдзіраць шалёўку з будынка, дзе месьцяцца клюб і бібліятэка. Тут жа сабраліся абураныя вяскоўцы, патрабуючы паказаць дакумэнты наконт зносу.

Каб супакоіць мясцовых жыхароў, у Прыпернае прыехалі ўчастковы міліцыянт і кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Глыбоцкага райвыканкаму Міхаіл Чарапкоўскі. А вяскоўцы, у сваю чаргу, патэлефанавалі рэдактару незалежнай газэты «Вольнае Глыбокае» Ўладзімеру Скрабатуну.

«Бібліятэка і клюб месьцяцца ў адным будынку. Тая частка, дзе бібліятэка, увогуле ў добрым стане. Дзе клюб — там бярвеньне падгніла крыху. Дык жанчыны і абураліся: няўжо нельга выпілаваць тое, што згніла, ды замяніць? Бо бліжэйшая бібліятэка тады — толькі ў Шуневічах, за тры кілямэтры. Вяскоўцам сказалі, што будуць прысылаць да іх бібліёбус — аўтобус з кніжкамі, як аўталаўка. Але ж гэта ня штодня? Як дзецям кніжкі браць? Адным словам, узбурылася ўся вёска!» — апавядае Ўладзімер Скрабатун.

Вяскоўцам з Прыпернага не паказалі аніякіх дакумэнтаў з загадам пра знос будынка. Затое яны самі нагадалі кіраўніку ідэалягічнага аддзелу ягоныя ж ранейшыя абяцаньні — прынесьлі яго колішнюю перадвыбарчую праграму. Калі спадар Чарапкоўскі балятаваўся па гэтай акрузе ў райсавет, то абяцаў людзям адрамантаваць бібліятэку і клюб. А сёньня заявіў, што дзяржава ня ў стане рамантаваць усе аварыйныя будынкі, і таму іх будуць зносіць.



Бібліятэку ў Прыперным ліквідуюць у Год кнігі, падкрэсьлівае рэдактар «Вольнага Глыбокага», краязнаўца Ўладзімер Скрабатун. Між тым у гэтай вёсцы жывуць больш за 200 чалавек, тут шмат моладзі — вёска месьціцца за 3 кілямэтры ад Глыбокага, і ахвотных набыць у Прыперным хату ды пасяліцца недалёка ад райцэнтру багата.

Жыхары Прыпернага сказалі, што не дапусьцяць зносу, пакуль ім не пакажуць афіцыйныя дакумэнты. Начальнік ідэалягічнага аддзелу заявіў, што яны ёсьць: маўляў, у мінулую суботу прыяжджала камісія, якая прызнала будынак аварыйным. Але вяскоўцы сумняюцца, што ў выходныя нехта прымаў нейкія афіцыйныя рашэньні, і непакояцца, што паперы будуць складзеныя «задняй датай».

Пакуль знос бібліятэкі і клюбу ў Прыперным удалося спыніць.

XS
SM
MD
LG