Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі афіцыйна пацьвердзіў, што трое беларусаў прысуджаныя ў Лібіі да 10 гадоў зьняволеньня. ДАДАЛОСЯ ВІДЭА

«Мы пацьвярджаем, што трое беларусаў сёньня прысуджаныя да 10 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў дапамозе рэжыму Кадафі», — заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных.

Раней сайт TUT.BY называў прозьвішчы чатырох беларусаў, якія чакаюць суду ў Лібіі: Фёдар Трусанаў, Валеры Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў і Вячаслаў Качура. Усе яны - пэнсіянэры. Двое - менчукі, адзін жыве ва Ўкраіне, але зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Вячаслаў Качура нібыта ўтрымліваецца асобна - на ваеннай базе ў Міцігу. МЗС афіцыйна прозьвішчы асуджаных не паведамляе, але з ранейшай інфармацыі можна зрабіць выснову, што сёньня былі асуджаныя менавіта Трусанаў, Гардзіенка і Ядзімічаў.

Затрыманыя ў Лібіі беларусы. Здымак з сайту tut.by

Затрыманыя ў Лібіі беларусы. Здымак з сайту tut.by



Такія ж тэрміны атрымалі 19 грамадзянаў Украіны і двое расейскіх грамадзянаў. Адзін расеец, прызнаны каардынатарам групы, прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня.

24 падсудныя, якія адкідалі ўсе абвінавачваньні і заяўлялі, што працавалі ў нафтавай прамысловасьці Лібіі, былі прызнаныя вінаватымі ў тым, што абслугоўвалі ракетныя комплексы «зямля-паветра» супраць авіяцыі НАТА, якая падтрымлівала паўстаньне супраць Кадафі.

27 жніўня 2011 года лібійскім паўстанцкім батальёнам «Кака» былі затрыманыя 25 грамадзян Беларусі, Украіны і Расеі. Усёй групе прад’яўлена абвінавачваньне ў аднаўленьні ваеннай тэхнікі, якая выкарыстоўвалася рэжымам Кадафі для «зьнішчэньня лібійскага народа. 3 верасьня, дзякуючы намаганьням расейскай амбасады ў Трыпалі, гэтая група была вызвалена, аднак 6 верасьня яны былі зноў затрыманыя для расьсьледаваньня іх магчымага дачыненьня да рамонту і мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі, якая стаяла на ўзбраеньні былога лібійскага лідэра.

Раней прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў, што беларускія дыпляматы намагаюцца, каб трох грамадзянаў Беларусі вызвалілі з-пад варты пад гарантыі амбасады ў Трыпалі на той час, пакуль ідзе судовае разьбіральніцтва.

Савіных таксама казаў, што «высунутае нашым грамадзянам абвінавачваньне не адпавядае рэчаіснасьці».

Амбасадары Ўкраіны і Беларусі прысутнічалі на судзе падчас вынясеньня прысуду і паведамілі, што будзе пададзеная апэляцыя на вырак.

Афіцыйны прадстаўнік лібійскіх уладаў заявіў, што асуджаныя былі наймітамі і прыехалі ў Лібію па ўласным жаданьні, без падтрымкі сваіх урадаў.

* * *
Расеец Аляксандар Шадроў, прызнаны судом у Лібіі лідэрам групы наймітаў Кадафі і прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, заявіў у інтэрвію Расейскай службе Бі-бі-сі, што будзе абскарджваць прысуд.

Паводле яго слоў, працэс прайшоў з парушэньнямі, а ў пракуратуры няма ніякіх фактаў супраць яго і яшчэ 23 грамадзян краін СНД, асуджаных разам з ім.

«Ніводнага дакумэнта, які даказвае нашу віну, няма. Ёсьць толькі словы былых двух-трох палкоўнікаў, якія калісьці са мной працавалі», – сказаў Шадроў у інтэрвію Бі-бі-сі.

Пасяджэньне суду ў Трыпалі, са словаў Шадрова, доўжылася ня больш за 15 хвілін; адвакатаў пры гэтым не было: «Проста зачыталі нам прысуд на паўстаронкі, што 17 лютага ў Лібіі адбылася рэвалюцыя, што мы зьяўляемся памагатымі Кадафі – і на гэтым скончылася ўсё».

У тэлефонным інтэрвію Бі-бі-сі Аляксандар Шадроў прызнаў, што пасьля пачатку антыўрадавых выступаў у Лібіі працы ў іх дадалося.

«Мы чакалі, калі нас вывезуць працаваць на нафтавым абсталяваньні, а патрапілі на іншае абсталяваньне. І тое – проста розныя элемэнты нейкай тэхнікі прывозілі. Мы спрабавалі нешта зрабіць, але было бяз сэнсу, бо яна была цалкам выведзеная з ладу. Мы не маглі ніякай шкоды прынесьці Лібіі», – сказаў ён.

Да 2008 году, кажа Шадроў, ён сапраўды працаваў у вайсковым сэктары Лібіі, аднак пасьля гэтага займаўся выключна абсталяваньнем для прадпрыемстваў нафтавай галіны.

Цяперашняе справа, зь яго словаў, была заведзеная з падачы «двух-трох палкоўнікаў» зь мінулага вайсковага кіраўніцтва Лібіі, зь якімі ён раней працаваў і якія яго абгаварылі: «І галоўнае, што ўсе гэтыя палкоўнікі на волі. Гэта значыць, за кошт таго, што на нас нагаварылі, яны апынуліся чыстымі».

«Хосьні Мубараку далі пажыцьцёвае за тое, што ён расстрэльваў кагосьці, а мы нікога не забівалі», – сказаў Шадроў, дадаўшы, што яму ўжо 60 гадоў і ён ня хоча правесьці рэшту дзён у лібійскай турме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG