Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскія актывісты добраўпарадкавалі мэмарыял на Кабыляцкай гары


Урочышча Кабыляцкая гара — другое пасьля менскіх Курапатаў афіцыйна прызнанае месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

У мінулыя выходныя аршанскія актывісты цалкам абнавілі мэмарыяльны комплекс, даўно занядбаны мясцовымі ўладамі.

На пачатку 1990-х з ініцыятывы аршанскіх актывістаў Беларускага Народнага Фронту мясцовы гарвыканкам аддаў загад усталяваць на Кабыляцкай гары помнік усім бязьвінным ахвярам сталінізму. Бо менавіта тут падчас будаўніцтва чыгункі знайшлі чалавечыя парэшткі, і экспэртыза прызнала, што ў гэтых мясьцінах праводзіліся масавыя расстрэлы мірных жыхароў.

Дакладнай колькасьці забітых ня ведае ніхто, ацэнкі розьняцца ад 300 да 5000 чалавек. У памяць пра гэтую трагедыю тут 30 год таму быў усталяваны помнік — камень з мэмарыяльнай шыльдай. Шыльду некалькі разоў кралі невядомыя вандалы. Клопат пра зьнешні выгляд помніка ўзялі на сябе мясцовыя актывісты — бо аршанскія ўлады даўно ўжо яго ігнаруюць.

У мінулыя выходныя 14 чалавек зь ліку партыйных і грамадзкіх актывістаў правялі капітальны рамонт мэмарыялу, апавёў кіраўнік аршанскай суполкі партыі БНФ, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алесь Шутаў:

Алесь Шутаў

Алесь Шутаў

«Давялося здымаць старую плітку, яна ўжо растрэскалася. Замест яе мы прывезьлі дзьве тоны дэкаратыўнага друзу, які паклалі яшчэ й на слой падсыпанага пяску. Умацавалі ўсё вялікімі камянямі, якія адмыслова сабралі тут недалёка, на кар’еры каля дарожна-будаўнічай управы № 7. Каб усё гэта прывезьці, давялося расчысьціць дарогу ад вёскі Гразілаўка, бо ёю ўжо даўно не карысталіся — прыбраць паваленыя дрэвы. Пляцоўку вакол помніка засеялі газоннай травой — выйдзе такі зялёны дзірван. Пачысьцілі мэмарыяльны камень-валун, паправілі крыжы, што стаяць паабапал. Можа, увосень пасадзім нейкія дэкаратыўныя кусты, каб было прыгажэй».

Штогод на Дзяды аршанскія актывісты ладзяць на Кабыляцкай гары жалобныя імпрэзы. Аршанскае моладзевае аб’яднаньне «Зьвяз» сёлета абвясьціла, што шукае сваякоў людзей, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій, каб запісаць іхныя ўспаміны. «Зьвяз» плянуе выдаць бюлетэнь пра лёсы рэпрэсаваных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG