Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібіі працягнецца суд над беларусамі, якіх вінавацяць у дапамозе Кадафі


На 4 чэрвеня прызначанае новае пасяджэньне па справе беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў, якія абвінавачваюцца лібійскімі ўладамі ў дапамаганьні рэжыму Муамара Кадафі.

На мінулым пасяджэньні 21 траўня выступіў бок абароны і бок абвінавачваньня, перадае Інтэрфакс. Абвінавачваньне засталося ранейшым — гэта дапамога ў супрацоўніцтве з ранейшым лібійскім рэжымам. Абвінавачаныя ўтрымліваюцца пад вартай.

На мінулым пасяджэньні суда прысутнічалі прадстаўнікі беларускага, расейскага і ўкраінскага пасольстваў.

27 жніўня 2011 года лібійскім паўстанцкім батальёнам «Кака» былі затрыманыя 25 грамадзян Беларусі, Украіны і Расеі. Усёй групе прад’яўлена абвінавачваньне ў аднаўленьні ваеннай тэхнікі, якая выкарыстоўвалася рэжымам Кадафі для «зьнішчэньня лібійскага народа. 3 верасьня, дзякуючы намаганьням расейскай амбасады ў Трыпалі, гэтая група была вызвалена, аднак 6 верасьня яны былі
зноў затрыманыя для расьсьледаваньня іх магчымага дачыненьня да
рамонту і мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі, якая стаяла на ўзбраеньні
былога лібійскага лідэра.

Раней прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў Інтэрфаксу, што беларускія дыпляматы намагаюцца, каб трох грамадзянаў Беларусі вызвалілі з-пад варты пад гарантыі амбасады ў Трыпалі на той час, пакуль ідзе судовае разьбіральніцтва.

«Гэта ўзгодненая пазыцыя трох амбасадараў — Беларусі, Расеі і Ўкраіны, чые грамадзяне цяпер знаходзяцца пад вартай. Дыпляматы прапануюць адпусьціць грамадзянаў сваіх краінаў пад гарантыі дыппрадстаўніцтваў, яны павінныя знаходзіцца ў Лібіі да завяршэньня судовых слуханьняў», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.

Савіных таксама казаў, што «высунутае нашым грамадзянам абвінавачваньне не адпавядае рэчаіснасьці».
XS
SM
MD
LG