Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы папрасілі ААН адрэагаваць на незаконныя арышты актывістаў


Адвольныя арышты актывістаў апазыцыі сталі нормай. На фота - затрыманьне удзельнікаў мітынгу 19 сьнежня 2011 г.

Адвольныя арышты актывістаў апазыцыі сталі нормай. На фота - затрыманьне удзельнікаў мітынгу 19 сьнежня 2011 г.

Актывісты ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаваньняў» зьвярнуліся да Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманьнях з просьбай адрэагаваць на хвалю арыштаў маладафронтаўцаў.

Як паведамляе сайт protivpytok.org, у скарзе ўтрымліваецца інфармацыя пра Зьмітра Крамянецкага, Рамана Васільева, Уладзіміра Яроменка, Івана Амельчанку. Таксама апісваецца схема, якая шматразова паўтараецца апошнім часам: чалавеку, які ўжо адбыў адміністрацыйны арышт, без вызваленьня прад’яўляецца новае фальшывае абвінавачаньне, у сувязі зь якім яго зноў арыштоўваюць.

Як адзначаюць праваабаронцы, маладыя людзі фактычна не выходзяць на волю і нават тэарэтычна ня могуць учыніць правапарушэньняў, у якіх яны абвінавачваюцца. Таксама невядома, ці будуць яны вызваленыя пасьля адбываньня чарговых «сутак».

«Небясьпека заключаецца ў тым, што ўмовы ўтрыманьня ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў зьяўляюцца бесчалавечымі і зьневажаюць чалавечую годнасьць: у камэрах няма асобных спальных месцаў, пасьцельная бялізна не выдаецца, няма штодзённых прагулак на сьвежым паветры, тэмпэратурныя ўмовы ў начны час сутак дасягаюць 13–14 стопняў, — гаворыцца ў скарзе. — Такім чынам, у сукупнасьці ўмовы ўтрыманьня не адпавядаюць арт. 9, арт. 10, арт. 11, арт. 12, арт. 19, п. 2 арт. 20, п. 1 арт. 21 Мінімальных стандартных правілаў абыходжаньня са зьняволенымі ААН, і зьяўляюцца парушэньнем арт. 7 Пакту. Такія ўмовы ўтрыманьня могуць нанесьці істотную шкоду здароўю актывістаў».

Раней праваабарончы цэнтар «Вясна» прыняў заяву, у якой запатрабаваў спыніць палітычны перасьлед грамадзкіх актывістаў.

Як адзначаюць праваабаронцы, Мускі, Крамянецкі і Дземідзенка толькі за вясну 2012 года адбылі 37 сутак адміністрацыйнага арышту, а Вінаградаў і Волчак двойчы былі асуджаныя «на аснове сфальшаваных супрацоўнікамі міліцыі матэрыялаў».

«Вясна» запатрабавала неадкладна спыніць практыку адміністрацыйнага перасьледу і незаконнага асуджэньня грамадзкіх актывістаў па сфальшаваных абвінавачаньнях, а таксама прыцягнуць да адказнасьці ўсіх службовых асобаў, вінаватых у незаконных прысудах.

XS
SM
MD
LG