Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс напісаў у блогу, што Лукашэнка прыедзе ў Вэнэсуэлу


Вэнэсуэла. Жанчына прагульваецца ўздоўж графіці з выявай прэзыдэнта Уга Чавэса. Каракас, 24 красавіка 2012

Вэнэсуэла. Жанчына прагульваецца ўздоўж графіці з выявай прэзыдэнта Уга Чавэса. Каракас, 24 красавіка 2012

2 чэрвеня прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс сустрэўся з намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімірам Сямашкам. Бакі абмеркавалі сумесныя праекты, а таксама дамовіліся, што Лукашэнка прыедзе ў Каракас 26 чэрвеня.

Чавэс напісаў у сваім блогу, што яго краіна «з радасьцю аб’яўляе» аб візыце кіраўніка Беларусі, бо абедзьве краіны маюць значны ўзровень тавараабароту, які грунтуецца на дамове аб супрацы, падпісанай 8 сьнежня 2008 г.

Паводле Чавэса, сумесныя зь Беларусьсю праекты пачынаюць прыносіць свой плён. У прыватнасьці, працуюць заводы па вытворчасьці трактароў і грузавых аўтамабіляў, адбываецца газыфікацыя венесуэльскіх гарадоў, рэалізуюцца нафтавыя праекты.

«Мы рады паведаміць вэнэсуэльскаму народу, што пагадненьні паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай функцыянуюць нармальна», — заявіў Чавэс.

Лукашэнка наведваў Вэнэсуэлу ў сьнежні 2007-га і сакавіку 2010 гадоў. Чавэс прыяжджаў у Беларусь у ліпені 2008-га, верасьні 2009-га і кастрычніку 2010 гадоў. Традыцыю штогадовага наведваньня Менску яму давялося перапыніць з-за анкалягічнага захворваньня, ад якога ён лечыцца дома і на Кубе.

2 чэрвеня Уга Чавэс і яшчэ 5 кандыдатаў падалі дакумэнты на рэгістрацыю для ўдзелу ў чарговых выбарах кіраўніка дзяржавы. Галоўным апанэнтам Чавэса лічыцца адзіны кандыдат ад апазыцыі Энрыке Капрылес, які мае польскае паходжаньне.

Уга Чавэс называе сябе асабістым сябрам Аляксандра Лукашэнкі. У 2010 годзе Вэнэсуэла ўвайшла ў дзясятку найбуйнейшых гандлёвых партнэраў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG