Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Удзелам ці няўдзелам у выбарах мы ня вызвалім палітвязьняў


Кіраўнік руху «За Свабоду», экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч браў удзел у Глябальным форуме, які адбываецца гэтымі днямі ва Ўроцлаве. Наш карэспандэнт Юры Дракахруст папрасіў яго пракамэнтаваць некаторыя актуальныя сюжэты беларускай і эўрапейскай палітыкі.

Дракахруст: Як вы ацэньваеце вынікі візыту ў Беларусь прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна?

Мілінкевіч: Я мяркую, што адбылося тое, што ў Беларусі і чакалі. Для Расеі сёньня, на гэтым этапе стварэньня Эўразійскага саюзу самае галоўнае – наблізіць Беларусь, зрабіць яе залежнай у эканамічнай сфэры. І Пуцін гэта падкрэсьлівае сваім візытам. Для стварэньня гэтай новай імпэрыі больш важная Ўкраіна, але Ўкраіна сёньня больш самастойная, чым Беларусь. Я мяркую, што да восені будуць жорстка пастаўленыя пытаньні аб прыватызацыі галоўных беларускіх прамысловых актываў, аб увядзеньні расейскага рубля, але на гэтых перамовах былі хутчэй «пернікі», чым «бізуны».

Дракахруст: Ужо некалькі месяцаў у апазыцыі вядуцца гарачыя спрэчкі наконт стаўленьня да восеньскіх парлямэнцкіх выбараў, вакол дылемы – удзел ці байкот? Якое стаўленьне да гэтай дылемы вашага руху і вас асабіста?

Мілінкевіч: Узровень гэтых спрэчак сьведчыць пра стан апазыцыі. Спрэчкі ідуць аб тым, што абсалютна нецікава людзям. Людзі жывуць абсалютна іншым жыцьцём, нават зацікаўленыя палітычнымі праблемамі. Таму для мяне вялікай розьніцы няма.

Мы ўсе не прызнаём гэтыя выбары, яны ня будуць ні легітымнымі, ні свабоднымі, ніхто іх не прызнае. Удзел ці байкот ня зробіць іх для Захаду легітымнымі. Гэта па-першае. Па-другое, сацыялягічныя апытаньні сёньня паказваюць, што толькі 10% насельніцтва зьбіраюцца сёньня не пайсьці на выбары. Большасьць прыйдзе на выбары. Апазыцыя не такая ўплывовая сёньня, каб яе паслухалі. І апошняе – ў грамадзтве няма стаўленьня да гэтых выбараў як да падзеі, якая вырашае лёс іх сям'і і краіны.

Апазыцыя не сфармулявала, якую мэту яна хоча дасягнуць. Калі ставіць на мэце павялічыць свой уплыў, зьмяніць мэнталітэт людзей, спрыяць пашырэньню праэўрапейскіх настрояў, паказаць альтэрнатыву – што ёсьць прыстойныя людзі, якім можна даверыць уладу, тады, зразумела, трэба ўдзельнічаць. Іншая справа - да канца ці не да канца, трэба ці ня трэба здымаць кандыдатуры, але я лічу, што ўдзелам ці няўдзелам мы ня вызвалім палітвязьняў, іх вызваляе ўплыў іншых чыньнікаў. І падыход, што мы запэцкаемся паходам на выбары – я зь ім нязгодны. Трэба выкарыстоўваць кожную магчымасьць. Выбары ня так часта бываюць. Таму я лічу, што абмежаваны ўдзел – гэта абсалютна слушны падыход.

Дракахруст: Як вы ставіцеся да ініцыятывы палітычнага эмігранта Ўладзімера Барадача наконт стварэньня рады нацыянальнага адраджэньня, у межах якой мяркуецца ўтварыць пераходны ўрад?

Мілінкевіч: Пачну з таго самага пытаньня – якая мэта? Пазбавіцца ад кэдэбістаў у апазыцыі, пастроіць усіх, выпрацаваць адну лінію і зрабіць аднаго лідэра? Гэтыя мэты адназначна ня будуць дасягнутыя. Гэта яшчэ больш пасварыць апазыцыю, як пасварыла яе дыскусія наконт байкоту і ўдзелу. Гэта яшчэ больш аддаліць апазыцыю ад людзей.

Калі людзей спытаць – ці хочаце вы, каб зьявіўся нейкі ўрад, які будзе дбаць пра вас, дык сьмяяцца ж будуць. Калі мы хочам уплываць на людзей, дык трэба апэраваць нейкімі зразумелымі для іх катэгорыямі. Тут мы ня можам урад стварыць па шмат якіх прычынах, у тым ліку і аб'ектыўных. Многія людзі, якія працуюць у цяперашнім урадзе, будуць і ў будучым. Але калі мы іх назавем, то яны і сёньня ня будуць працаваць.

Калі мы ўжо зьбіраемся рабіць урад, то трэба туды вылучаць людзей, каб людзі сказалі пра іх – мы такіх урадоўцаў хочам. А калі самазванцы самі сябе прызначаць – я думаю, што гэта ня будзе карысна ні апазыцыі, ні людзям.

Дракахруст: Мы з вамі бярэм удзел у глябальным форуме ва Ўроцлаве. Ён можа і не прадстаўляе сабой пазыцыі ўсяго Захаду, але што вы можаце сказаць, наколькі Эўропа, Захад цяпер зацікаўленыя Беларусьсю?

Мілінкевіч: Нашы партнэры ў дэмакратычных краінах моцна стомленыя. Стомленыя Лукашэнкам, на якога не ўплываюць ні байкот, ні санкцыі, у Эўропы няма інструмэнтаў, каб памяняць сытуацыю. Стомленыя апазыцыяй, якая пасвараная, падзеленая, якая дыскутуе па пытаньнях, якія не такія важныя для лёсу краіны. Няма аб'яднаньня экспэртаў, грамадзкага сэктару.

Варта сказаць, што інструмэнты ўзьдзеяньня на сытуацыю сёньня ёсьць толькі ў Расеі, ні ў апазыцыі, ні ў Эўропы, ні ў ЗША спосабаў узьдзеяння няма. Ну і эканоміка. Эканамічны крызіс можа паскорыць працэсы, але невядома, ці пазытыўныя яны будуць. Напрыклад, абвальны крызіс прывядзе да таго, што Расея лёгка купіць тое, што так доўга ня можа атрымаць у Беларусі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG