Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Рагачова патрабуюць вярнуць ім «Дажынкі 2013»


Тут павінен быць цэнтральны парк Рагачова

Тут павінен быць цэнтральны парк Рагачова

На пачатку 2011 году было афіцыйна абвешчана, што рэспубліканскія «Дажынкі-2013» адбудуцца ў Рагачове.

Жыхары горада ўспрынялі гэтую навіну з радасьцю, бо так званыя «сьвяты ўраджаю» даюць магчымасьць малым гарадам атрымаць дадатковае фінансаваньне і добраўпарадкаваць хаця б цэнтральныя вуліцы. Але на пачатку 2012 году новы кіраўнік Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімер Дворнік пастанавіў, што «Дажынкі-2013» пройдуць не ў Рагачове, а ў Гомелі.

Яшчэ на пад’езьдзе да Рагачова мікрааўтобус са сталічнымі нумарамі спынілі міліцыянты, перапісалі ўсіх пасажыраў. І цягам усяго наведваньня горада гасьцей суправаджала па чарзе ажно тры маёры міліцыі. Спачатку мясцовыя актывісты Дзяніс Дашкевіч, Уладзімер Тамковіч і Вадзім Александровіч пазнаёмілі зь мясцовымі адметнасьцямі. У Рагачове няма ніводнай грамадзкай прыбіральні. На месцы цэнтральнага парку — сьмярдзючая сажалка з хмарамі машкары, зь якой адпампоўваюць ваду і груды пяску. Мясцовы актывіст Дзяніс Дашкевіч распавёў:

Дзяніс Дашкевіч

Дзяніс Дашкевіч

«Было надрукавана ў афіцыйнай газэце „Свабоднае слова“, што з 1 траўня 2012 года гэта ўжо становіцца цэнтральным паркам. А цяпер гэты праект замарожаны, і вядома, што тут ўжо нічога ня будуць рабіць. Гэта дакладна ».

У занядбаным стане радзільны дом, дзіцячы шпіталь. Гутару з маладым бацькам, які знаходзіцца тут з маленькай дачкой, у якой — запаленьне лёгкіх.

Карэспандэнтка: «Як вам умовы ў Рагачоўскай дзіцячай лякарні?»

«Ну... Хацелася б лепшага, канечне. Я не хачу сказаць, што тут зусім усё вельмі кепска, але ... вы самі ўсё бачыце».

Уладзімер Дацкевіч

Уладзімер Дацкевіч

Размаўляю з загадчыкам дзіцячага шпіталя Уладзімерам Дацкевічам:

Карэспандэнтка: «Кажуць, у вас пазаўчора тут былі губэрнатар вобласьці і мэр гораду. Паабяцалі хоць нешта?»

«Так, будзе праводзіцца капітальны рамонт. Пачнецца хутчэй за ўсё бліжэй да восені».

Карэспандэнтка: «А куды тады дзіцячы шпіталь пераедзе?»

«Гэта пытаньне яшчэ будзе абмяркоўваецца. Так хутка справы не вырашаюцца. Трэба падумаць, дзе разьмясьціць дзяцей, куды перавесьці ложкі».

Адзін з будынкаў дзіцячага шпіталя

Адзін з будынкаў дзіцячага шпіталя



Палата ў дзіцячым шпіталі

Палата ў дзіцячым шпіталі

Разьбітыя ўсе цэнтральныя вуліцы. Актывісты распачалі кампанію за вяртаньне сьвята «Дажынак» у 2013 годзе ў Рагачоў, спадзеючыся, што тады на горад улады зьвернуць увагу. І сабралі больш за 2,5 тысячы подпісаў пад зваротам у Савет Міністраў, кажа Дзяніс Дашкевіч:

«Горад знаходзіцца ў вялікім заняпадзе. За апошнія 10 гадоў у нас паводле афіцыйных дадзеных насельніцтва зьменшылася на 7 тысяч, паводле неафіцыйных — больш чым на 15 тысяч. Калі гэта тэндэнцыя ня спыніцца, то горад Рагачоў проста ператворыцца ў гарадзкі пасёлак. А гэта горад, дзе знаходзяцца санаторы, да прыкладу, „Прыдняпроўскі“, дзе знаходзіцца буйнейшы малочны камбінат. Мэта гэтай кампаніі — зьвярнуць увагу на заняпад нашага гораду ня толькі абласных і мясцовых уладаў, але і рэспубліканскіх, каб у кіраўніцтве задумаліся, як сёньня выглядае сытуацыя ў рэгіёнах».

Падпісныя лісты пад зваротам у Савет Міністраў за вяртаньне "Дажынак"

Падпісныя лісты пад зваротам у Савет Міністраў за вяртаньне "Дажынак"



Спачатку людзі актыўна падпісваліся, але потым на іх пачалі ціснуць і запалохваць, кажа Дзяніс Дашкевіч:

«Калі падпісалася ўся рэдакцыя газэты „Свабоднае слова“ пад нашым зваротам да Савету Міністраў, праз 3 дні галоўны рэдактар Андрэй Шышкін пад пагрозай звальненьня запатрабаваў, каб увесь калектыў адклікаў свае подпісы. Да мяне прыйшоў карэспандэнт Васіль Рагожнікаў, сказаў, што на самой справе яму пагражалі, пагражалі таксама ягонай жонцы. Такія пагрозы былі ад кіраўніцтва дзіцячай бальніцы, райвыканкаму. Але, ня гледзячы ні на што, мы сабралі каля 10 тысяч подпісаў. Гэта каля 10% насельніцтва горада Рагачова».

31 траўня актывісты ў прысутнасьці сталічных журналістаў і прадстаўнікоў кампаніі «Гавары праўду!» перадалі гэтыя 2,5 тысячы подпісаў у райвыканкам. Як толькі сталічныя госьці зьехалі, Дашкевіча, Тамковіча і Александровіча затрымалі. Праўда, хутка адпусьцілі.

Пакуль жыхарам Рагачова паабяцалі, што, магчыма, у 2013 годзе ў горадзе правядуць абласныя «Дажынкі». Але на іх звычайна выдаткоўваюць ў дзясяткі разоў менш сродкаў, чым на рэспубліканскае сьвята.
XS
SM
MD
LG