Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінчук: Салідарнасьць — гэта тое, што падтрымлівае Алеся ў вязьніцы


Натальля Пінчук

Натальля Пінчук

2 чэрвеня ў межах Глябальнага форуму, які праходзіць ва Ўроцлаве, адбылося ўручэньне ўзнагародаў Свабоды. Летась гэтую ўзнагароду, сярод іншых, атрымаў кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які неўзабаве пасьля форуму быў арыштаваны і асуджаны да турэмнага зьняволеньня.

Сёлета ляўрэатамі сталі Амэрыканскі Фонд падтрымкі дэмакратыі, віцэ-прэзыдэнт італьянскага Сэнату і кіраўнічка фонду арабскай дэмакратыі Эма Баніна і Ўладзіслаў Барташэўскі, былы міністар замежных справаў Польшчы, старшыня міжнароднай рады Нацыянальнага музэю Асьвенцыма. Акрамя таго ўзнагародай Свабоды быў завочна ўганараваны туніскі народ у асобе прэзыдэнта краіны Монсэфа Марзукі.

Падчас цырымоніі ўручэньня сёлетніх узнагародаў адбылася адмысловая акцыя салідарнасьці з Алесем Бяляцкім, у якой узяла ўдзел яго жонка Натальля Пінчук.

Падчас форуму спадарыня Пінчук адказала на некалькі пытаньняў «Свабоды»

— Натальля, на ваш погляд такія імпрэзы, як сёньняшняя — ці могуць яны паўплываць на беларускія ўлады, каб яны вызвалілі вашага мужа, ці наадварот — гэта іх будзе толькі раздражняць, зьліць?

— Прадказаць чые-небудзь дзеяньні, думкі я даўно не зьбіраюся, ў тым ліку і нашых уладаў. Я сваю задачу бачу ў іншым — рабіць усё тое, што ў пэўнай ступені можа дапамагчы Алесю ў той складанай сытуацыі, ў якой ён апынуўся.

— А ў чым складанасьць яго сытуацыі? Аляксандар Лукашэнка нядаўна казаў, што вызваліць тых, каго Захад лічыць палітвязьнямі, калі яны напішуць прашэньні аб памілаваньні. Складанасьці зьвязаныя з гэтым ці проста з умовамі турмы?

— Менавіта з умовамі турмы. Гэта цяжкае выпрабаваньне . Таму і хацелася б, каб Алесь і іншыя палітвязьні былі вызваленыя.

— А які стан яго здароўя — вось на апошні час, калі вы зь ім спаткаліся?

— Яго здароўе як раз выклікае ў мяне найбольшы клопат, таму што і падчас спатканьня, і падчас тэлефанаваньня я чула ў яго такі хваравіты кашаль. Раней у яго гэтага не было і я гэтым вельмі занепакоеная.

— А якія ў яго, паводле вашых зьвестак, стасункі з сукамэрнікамі?

— Я не магу сказаць, бо ня ведаю канкрэтна. Адзінае, што той узмоцнены кантроль, які ўсталяваны за ім адміністрацыяй турмы, цягне за сабой абмежаваньне кантактаў зь іншымі зьняволенымі. І гэта стварае цяжкую псыхалягічную сытуацыю. Ціск робіцца разнастайны. Паводле закону доўгатэрміновае спатканьне з жонкай можа доўжыцца тры дні, а былі дадзеныя толькі адны суткі.

— Вы адчуваеце салідарнасьць людзей з Беларусі і з-за мяжы?

— Адназначна адчуваю. Салідарнасьць — гэта тое, што падтрымлівае Алеся ў вязьніцы. Людзі актыўна яму пішуць. Тое, што імя Алеся на слыху, і сёньняшняя цырымонія — гэта гаворыць аб той увазе, ў цэнтры якой знаходзіцца Алесь.

— Вяртаючыся да гэтай заявы Лукашэнкі наконт прашэньня аб памілаваньні: ці ёсьць на Алеся ціск, каб ён падпісаў такое прашэньне, і ці параілі б яму вы яго падпісаць?

— Наконт ціску канкрэтна сказаць не магу. Адзінае, што магу сказаць, што на момант 17 траўня, калі ў мяне было спатканьне зь ім, прашэньне не было падпісанае. Што тычыцца маёй думкі, то якой бы яна ні была, я ня маю права яе фармуляваць і аказваць які-небудзь ціск на Алеся. Гэта яго ўласны выбар у тым ці іншым выпадку.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG