Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: «Арышты маладафронтаўцаў трэба прызнаць катаваньнямі»


Актывісты ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаваньняў» накіравалі ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманьнях тэрміновы зварот. Яны просяць адрэагаваць на беспадстаўныя адміністратыўныя арышты ў Беларусі.

Зварот інфармуе пра затрыманьне Дзьмітрыя Крамянецкага, Рамана Васільева, Уладзімера Яроменка, Івана Амельчанкі. Гэтым грамадзянам, якія ўжо адбылі адміністратыўны арышт, без вызваленьня прад’явілі новыя абвінавачаньні і арыштавалі нанава. Актывіст ініцыятыўнай групы, праваабаронца Сяргей Усьцінаў патлумачыў Радыё Свабода, што ў такім выпадку ў абвінавачаных фактычна няма магчымасьці ўчыніць правапарушэньне, у якім яны абвінавачваюцца.

У звароце таксама адзначана, што «ўмовы ўтрыманьня ў ЦІП бесчалавечныя і прыніжаюць чалавечую годнасьць: у камэрах няма асобных спальных месцаў, бялізна не выдаецца, няма штодзённых прагулак на сьвежым паветры, тэмпэратурныя ўмовы ўначы 13–14 градусаў паводле Цэльсія». Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што ўсё гэта не адпавядае нават мінімальным стандартным правілам абыходжаньня з затрыманымі, якія вызначаныя ААН. Такія ўмовы могуць нанесьці істотную шкоду здароўю актывістаў.

На падставе звароту працоўная група можа, калі палічыць патрэбным, накіраваць заклік да Міністэрства замежных спраў Беларусі, каб тое прыняло неабходныя меры дзеля забесьпячэньня правоў чалавека. Сяргей Усьцінаў падкрэсьлівае, што беларускія ўлады так ці інакш мусяць зрэагаваць на зварот структуры ААН.

Праваабаронца Тацьцяна Равяка камэнтуе, чаму супрацоўніцтва са структурамі кшталту ААН важнае для абароны правоў чалавека ў Беларусі: «Беларускія праваабаронцы рэгулярна інфармуюць органы ААН пра тое, што адбываецца ў краіне. Перш за ўсё таму, што ў Беларусі не працуюць прававыя сродкі, і мы апрацоўваем гэтую інфармацыю ў даступных нам міжнародных структурах. Гэтая інфармацыя ня толькі зьбіраецца, а аналізуецца. Ёсьць адваротная сувязь у выглядзе зваротаў да беларускіх уладаў. Гэта робіцца не адкрыта. Самі органы ААН зьвяртаюцца да беларускага МЗС, што яны атрымалі такую і такую інфармацыю, спрабуюць весьці дыялёг і высьвятляюць акалічнасьці асобных спраў. Гэта паказвае нашай дзяржаве, што міжнародная супольнасьць у курсе таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі.

Да таго ж у чэрвені плянуецца сэсія Рады па правах чалавека, дзе, магчыма, будзе прадстаўленая рэзалюцыя па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Вядома, важна, каб структуры ААН, фармулюючы сваё бачаньне сытуацыі, валодалі інфармацыяй, атрыманай з правераных крыніц і прафэсійна аформленай.

Я б не сказала, што намаганьні праваабаронцаў безвыніковыя. Калі б мы гэтага не рабілі, то міжнароднай супольнасьці і праваабарончым структурам ААН здавалася б, што ў нас ціха ды гладка, а з правамі чалавека поўная гармонія. Паколькі ж ідзе ўвесь час інфармаваньне і структуры ААН зьвяртаюцца да Беларусі, гэта робіць свой уплыў. Вядома, гэта не такі ўплыў, як мы б хацелі. Гэта не спыняе наўпрост і гэтых адвольных затрыманьняў, і іншых праяваў парушэньня правоў чалавека. Але калі гэтага не рабіць, то нават ня ведаю, якія б памеры гэта мела».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG