Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Сьветлагорску, зусім побач зь вёскай Якімава Слабада, будзе ўзьведзены завод па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы.

Будаваць яго будуць кітайцы, ужо адкрыта крэдытная лінія, падпісаны кантракт. А мясцовыя жыхары выступаюць супраць. На пратэсты людзей улады рэагуюць нэрвова — 31 траўня за сустрэчу з жыхарамі Якімавай Слабады міліцыянты затрымалі дзясятак журналістаў і актывістаў кампаніі «Гавары праўду!», склалі на іх пратаколы. Чаму жыхары Сьветлагорску і навакольля супраць будоўлі новай вытворчасьці і стварэньня паўтысячы новых працоўных месцаў, высьвятляла Іна Студзінская, якая пабывала ў Сьветлагорску.

У Сьветлагорску ўжо ёсьць шкодныя прадпрыемствы — «Хімвалакно», цэлюлёзна-кардонны камбінат, ЦЭЦ. І пастанова будаваць яшчэ адну хімічную вытворчасьць мясцовых жыхароў ня ўзрадавала, кажа грамадзкая актывістка Тацяна Куган:

Тацяна Куган

Тацяна Куган

«У нас у горадзе сабрана больш за 10 тысяч подпісаў, якія накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, апарат Савету Міністраў і ў кітайскую амбасаду. Прыйшоў адказ нядаўна. Нашы подпісы ніхто, напэўна, і не глядзеў і не жадае глядзець, таму што ўсе гэтыя подпісы адкінулі ў канцэрн „Беллеспаперапрам“, які нам даслаў ужо 5 адказаў, якія ўсе напісаныя пад капірку».

Цяпер жыхары вёскі Якімава Слабада, побач зь якой зьявіцца яшчэ і так званая «Кітайская слабодка» — гарадок для паўтары тысячы будаўнікоў — вырашылі правесьці мясцовы рэфэрэндум. У вёсцы, дзе працаздольнага насельніцтва 700 чалавек, ініцыятыўная група сабрала 601 подпіс. 31 траўня актывісты зьбіраліся завезьці падпісныя лісты ў Баравікоўскі сельсавет, і перад гэтым зладзілі сельскі сход, куды запрасілі журналістаў і актывістаў кампаніі «Гавары праўду!» Жыхары вёскі Якімава Слабада выступалі надзвычай эмацыйна:

Карэспандэнтка: «Супраць чаго вы выступаеце?»

Бабуля: «Каб не будавалі гэты завод побач з намі».

Спадарыня: «Каб гэты завод не будавалі. У нас ужо наагул няма чым дыхаць. Дзякуй богу, мы надыхаліся ўжо і хімзаводам, і цэлюлёзна-папяровым камбінатам. Ужо сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць».

Дзядок: «Раней калодзежы капалі, каб ваду чыстую піць, а цяпер закопваюць».



Новы завод плянуецца пабудаваць літаральна за 500 мэтраў ад вясковых дамоў. Побач — і цяпліцы Сьветлагорскай гародніннай фабрыкі. Грамадзкіх слуханьняў па ацэнцы ўзьдзеяньня новага заводу на навакольнае асяродзьдзе не праводзілася.

Былы вайсковец Васіль Грыненка, які ўважліва вывучыў усе дакумэнты і экспэртызы, кажа, што з уводам заводу сульфатна-беленай цэлюлёзы выкіды прамысловых прадпрыемстваў Сьветлагорску павялічацца ўдвая:

Васіль Грыненка

Васіль Грыненка

«Цэлюлёзна-кардонны камбінат выкінуў за мінулы год 1113 тон шкодных рэчываў, а новы завод будзе выкідаць 4929 тон. То бок амаль у 4 разы мы будзе больш гэтай гары ўдыхаць. А ўсе прадпрыемствы гораду за 2011 год выкідалі 4700 тон. У суме атрымліваецца 9 700 тон на нашы галовы».

Завод беленай цэлюлёзы ня толькі павялічыць канцэнтрацыю шкодных рэчываў, але і дадасьць новы кампанэнт — дыяксід хлёру. Да таго ж адкіды будуць трапляць у раку, кажа Васіль Грыненка:

«Насамрэч будзе выкідацца не 36 тысяч кубікаў у суткі, а 39 328 тысяч кубоў у суткі. А ў год — вось афіцыйны адказ у мяне ёсьць — 14 мільёнаў. Ды колькі будзе ў гэтай вадзе фосфару, колькі серы, колькі азоту і колькі іншых шкодных рэчываў?»

Вяскоўцы ня вераць ня толькі афіцыйным праектным разьлікам. Ня толькі навукоўцам, урадоўцам, кіраўніцтву канцэрну «Беллеспаперапрам» і мясцовага ЦБК:

Спадарыня: «Ужо і Лукашэнку ніхто ня верыць».

Мужчына: «Ну як можна яму верыць, калі ён па тэлевізары кажа пра 500 даляраў заробку? Я раблю ў лесе, суседзі на хімзаводзе. Ну скажыце шчыра, дзе 500 даляраў зарабляюць? Нідзе. І чаму нашы езьдзяць на заробкі ў Расею?»






На будоўлю заводу сульфатна-беленай цэлюлёзы Беларусь узяла крэдыт Эксімбанку Кітаю ў памеры 655 мільёнаў даляраў. Будоўля яшчэ не пачалася, увод заводу намечаны на 2015 год. Але працэнты па крэдыце Беларусь пагашае ўжо з пачатку 2012 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG