Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці фізычныя практыкаваньні і зьвязаная зь імі фізычная нагрузка на арганізм могуць быць шкоднымі для здаровых людзей?

Найноўшы досьлед амэрыканскіх навукоўцаў, пра які паведамляе нядаўняе выданьне International Herald Tribune, дае сьцьвярджальны адказ на гэтае пытаньне.

Прааналізаваўшы зьвесткі адносна 1687 чалавек, якія рэгулярна займаліся фізычнымі практыкаваньнямі, навукоўцы атрымалі даволі нечаканы і загадкавы вынік: для 10% чалавек з дасьледаванай групы пагоршыўся як мінімум адзін паказальнік рызыкі сардэчнай хваробы (напрыклад, крывяны ціск або узроўні інсуліну, халестэрыну ліпапратэінаў высокай шчыльнасьці, трыгліцэрыдаў). Для 7% дасьледаваных пагоршыліся як мінімум два паказальнікі рызыкі сардэчнай хваробы. Чаму? На гэтае пытаньне навукоўцы пакуль ня маюць адказу.

Але гэты пэсымістычны вынік ураўнаважваецца больш аптымістычным вынікам таго самага досьледу, паводле якога для 10% дасьледаваных згаданыя паказальнікі рызыкі выразна паменшалі.

Навуковага вытлумачэньня гэтых вынікаў пакуль ня знойдзена. Дзеля свайго апраўданьня навукоўцы адзначаюць, што ўсе досьледы ўплыву фізычных практыкаваньняў на чалавечы арганізм практычна зводзяцца да рэгістрацыі такіх паказальнікаў як ціск крыві або ўзровень інсуліну, але не адсочваюць уплыву гэтых паказальнікаў на здароўе чалавека ў даўжэйшым прамежку часу. То бок, навукоўцы не рэгіструюць, ці паляпшэньне гэтых паказальнікаў насамрэч вядзе да меншай колькасьці інфарктаў і да падаўжэньня жыцьця.

Доктар Майкл Лаўэр з Нацыянальнага інстытуту хваробаў сэрца, лёгкіх і крыві ЗША лічыць, што згаданы досьлед быў зроблены сумленна з навуковага гледзішча, а таму ён дапускае, што фізычныя практыкаваньні таксама могуць мець адмоўныя наступствы для здаровага арганізму. «За ўсё трэба плаціць» — кажа доктар Лаўэр.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG