Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі амаль 1,8 мільёна дзяцей. Зь іх больш за 10 тысяч – у дзяржаўных дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах, а яшчэ некалькі тысяч – у прыёмных сем'ях.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

На Магілёўшчыне, да прыкладу, паводле афіцыйнай інфармацыі, каля 700 сем’яў маюць прыёмных дзяцей. Аднак прыёмныя бацькі скардзяцца: дзяржаўнай дапамогі хапае толькі на тое, каб пракарміць гадаванцаў.

«Я б гэтае дзіця ўдачарыла, але тады дзяржава адмовіць ёй у дапамозе»


Як кажуць у прыёмных сем’ях, цяпер на аднаго гадаванца дзяржава выдаткоўвае на месяц крыху больш за дзевяцьсот тысяч рублёў. Акрамя таго, апекунам выплачваецца заробак у мільён васямсот тысяч. Гэтых грошай нестае, каб забясьпечыць дзіця ўсім неабходным, кажа прыёмная маці – пэнсіянэрка Галіна. Яна выгадавала ў сваёй сям’і не адно прыёмнае дзіця. Цяпер даглядае дзяўчынку.

«Летась, калі здарыўся крызіс і павялічыліся цэны ў тры разы, то мы дапамогу атрымлівалі 450 тысяч да сёлетняга студзеня. І трэба было нам сабраць дзяцей у школы па новых цэнах і пракарміць. Я б ужо яе і ўдачарыла, але тады я пазбаўлю дзіця ўсяго, што дае дзяржава. Я ж ня дам ёй сацыяльнай кватэры. Не забясьпечу ільготамі па вучобе. Калі сам матэрыяльна забясьпечаны, тады ўсынаўляць можна».

Улада імкнецца эканоміць бюджэтныя сродкі на сем'ях, якія выхоўваюць дзяцей-сіротаў


Прыёмная маці Жанна таксама гадуе дзяўчынку. Яна зазначае, што ахвочых браць дзяцей на выхаваньне было б болей, асабліва ў вёсках. Там і тых грошай, кажа яна, людзі не атрымліваюць. Але ёсьць складанасьці. Улады ня хочуць, каб у сем’ях было па адным прыёмным дзіцяці.

«То бок яны хочуць у сям’ю запхнуць па тры-чатыры дзіцяці, але заробак жа не павялічыцца ад колькасьці дзяцей. Хоць адзін, хоць два, хоць дзесяць – два мільёны і застаюцца. Вось тэлефанавалі й казалі: вось, маўляў, у вас адно дзіця – гэтага мала. Атрымліваецца, што і з гэтага яны хочуць зэканоміць».

А ці наважыліся б вы ўзяць чужое дзіця на выхаваньне і ці разьлічвалі б на дзяржаўную дапамогу? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да мінакоў на магілёўскіх вуліцах:

Спадарыня: Ужо ўзялі. Калі чалавек на нейкія крокі наважваецца, то ён спадзяецца на свае сілы, а не на дзяржаву. Выплаты нейкія нам ідуць мінімальныя. Пакуль хапае.

Спадарыня: Не, дзякуй. У мяне свае ёсьць. Я ўжо ня ў тым узросьце, таму не хачу.

Спадарыня: Шчыра кажучы, хацелася б. Па ўзросьце сваіх неяк не атрымліваецца мець, дык узяла б чужое. Цяпер усё патрэбна – і грашовая дапамога, і маральная.

«Калі чалавек наважыўся ўзяць прыёмнае дзіця, то павінен на свае сілы разьлічваць»


Спадарыня сталага веку: Калі б я была маладзейшая, то можа быць. Я ўжо, відаць, доўга жыць ня буду, а дзіця вырасьце, прывыкне і будзе пакутаваць. Калі чалавек наважыўся ўзяць, то ён павінен на сябе разьлічваць. Я б ніякай дапамогі ад дзяржавы не чакала.

У 2010 годзе бацькоўскіх правоў у рэгіёне пазбавілі 500 сем’яў. Летась усынавілі 65 дзяцей. Для 17 дзяцей бацькі знайшліся ў Італіі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Дзяржава хлопчыка судзіла, а людзі – выратавалі


У Пінску на Берасьцейшчыне з тамтэйшай школы-інтэрнату для дзяцей-сірот, якія засталіся без бацькоўскай апекі, зноў зьнік выхаванец – 15-гадовы Валодзя. Ён паўтарыў учынак свайго сябра Грышы. Той зьбег у лютым і 40 дзён жыў у зямлянцы.

Сірата Грыша – ня першы «пінскі Маўглі»


Як зараз высьвятляецца, гісторыя «пінскіх Маўглі» – даўняя. Нагадвае пра яе тамтэйшая жыхарка Алена Лягун:

«Некалі за могілкамі "Пасянічы" адзін хлопчык меў зямлянку. Я яго высачыла й злавіла, але ён ад мяне ўцёк…

Гадоў можа 15 яму тады было. Зямлянка на той час была круглая. "Гаспадар" абклаў яе дзёрнам і пакінуў толькі дзірачку, празь якую лазіў. Таксама нацягаў нейкіх сьвітак і таксама вельмі асьцерагаўся, каб не пратаптаць туды дарогу – па купінах хадзіў. Сьвятла ніякага не было. Матрац ляжаў, ватоўкі. Не бедаваў і зь ежай, бо летам хапала побач маліны й суніц. А па ваду хадзіў на гарадзкія могілкі, дзе быў свой водаправод…»

Хлопчык з інтэрнату 40 дзён жыў у зямлянцы


Цяперашні ўцякач зь Пінскай школы-інтэрнату, хлопчык Грыша таксама жыў у спартанскіх умовах. І калі яго падпільнавалі міліцыянты ды перадалі ў пракуратуру, то падлетак трапіў у сьледчы ізалятар Баранавічаў, а пасьля – у суд. За крадзяжы ў гаражах, на лецішчах ды будоўлі на суму больш як 4 мільёны рублёў хлопчык атрымаў паўтара года пазбаўленьня волі.

Выратавалі Грышу журналісты й грамадзяне. Яны сабралі грошы і адкупілі вінаватага падлетка ад турмы.

Як паведаміў «Свабодзе» пінскі журналіст Павал Куніцкі, на карысьць дзетдомаўца Грышы людзі сабралі амаль 12 мільёнаў рублёў замест патрэбных па суду 4-х мільёнаў.

«Чалавек дзіцяці ахвяруе й нічога ўзамен не патрабуе»


Куніцкі: Я ня ведаю, чаму людзі адгукнуліся на гэтую бяду хлопчыка, бо практычна ніводзін з тых, хто пералічыў грошы, на прамы кантакт з журналістам не выходзіў. Гэта значыць, што чалавек ахвяруе і ўзамен нічога не патрабуе. Людзі даверыліся газэце "Вечерний Брест" і мне як карэспандэнту.

РС: А чаму гэты хлопчык уцёк зь дзяржаўнага інтэрнату?

Куніцкі: Мне падаецца, што любы чалавек – дзіця ці дарослы – імкнецца да свабоды, да сваёй унутранай свабоды, калі яго нават настаўнікі пачынаюць нечым прыгнятаць…

ВІЦЕБШЧЫНА

У Віцебску ў сквэры Маякоўскага ўпершыню праводзіцца незвычайная акцыя: экспануецца фотавыстава «Беларусь безь сірот», прысьвечаная выхаванцам дзіцячага дому, што на вуліцы Сьвідзінскага.

Мэта акцыі – каб людзі пабачылі фотаздымкі дзяцей, якія выхоўваюцца без бацькоў, і, магчыма, прапанавалі ім нейкую дапамогу.

Пра магчымасьці дапамогі дзецям апавядаюць тутэйшыя валянтэры:

«Можна матэрыяльна дапамагчы – прынесьці старыя цацкі або набыць алоўкі ці флямастэры. А можна ўсынавіць дзіця або стацца для яго гасьцявой сям'ёй. Мы праводзім акцыю, каб людзі ведалі пра наш дзіцячы дом. Бо некаторыя едуць у Менск, каб усынавіць дзіця, а ў нас тут сваіх 76 чалавек»…

Паводле валянтэраў, жыхары Віцебску зацікавіліся гэтай акцыяй. Кажуць, што многія бяруць дадому фотаздымкі дзяцей – яны тут знарок раздрукаваныя на адмысловых паштоўках, дзе пазначаныя і кантакты дзіцячага дому. Найчасьцей людзі гавораць пра магчымасьць стацца гасьцявой сям'ёй – каб браць да сябе дзіця на выходныя ці на сьвяты.

А вось перш чым стацца прыёмнай сям'ёй, калі дзяржава будзе выплачваць грошы за выхаваньне дзіцяці-сіраты, патэнцыйных бацькоў сур'ёзна правяраюць:

«Найперш трэба дакумэнты сабраць, у тым ліку ад псыхоляга, што вы дзіця, скажам, не на органы здаваць бераце… Людзі ж бываюць розныя, і псыхічна неўраўнаважаныя, таму іх правяраюць вельмі сур'ёзна…»

Спадарыня Натальля ўжо мае дарослага сына. І калі яму споўнілася 17, таксама абдумвала магчымасьць узяць зь дзіцячага дому маленькага хлопчыка або дзяўчынку. Але цяпер адмовілася ад гэтай думкі:

«Гэта ж злачынства нейкае маральнае – браць сірату дзеля грошай»


«Я хацела заняцца. Але падумала: як гэта – браць дзіця за грошы? Яму ж трэба аддаваць сваё сэрца. Так што адно з двух! На такое цяжка наважыцца, тут трэба насамрэч мець вялікае сэрца! Тут ня можа быць няшчырасьці нейкай, бо дзеці ўсё разумеюць, адчуваюць. Гэта ж злачынства нейкае маральнае – браць дзіця дзеля грошай».

Галоўны абавязак прыёмных бацькоў – падгадаваць дзіця да пэўнага ўзросту. Гэта не ўсынаўленьне, калі бацькі і дзеці нясуць узаемную адказнасьць паводле закону. Некаторыя жанчыны выкарыстоўваюць такую магчымасьць, калі застаюцца бяз працы, апавяла жыхарка Полацку, прыёмная маці спадарыня Людміла:

«Паверце, гэта не такія ўжо вялікія грошы…»


«Не было працы. Цяпер мне налічваюць заробак і працоўны стаж. За гэта плацяць – стаўку выхавацеля. Паверце, гэта не такія ўжо вялікія грошы!»

Нехта пагаджаецца на ролю прыёмных бацькоў нават за невялікія грошы. А нехта лічыць больш правільным дапамагчы дзіцяці, не беручы на сябе поўную адказнасьць за ягоны лёс: стацца гасьцявой сям'ёй на выходныя ці проста набыць цукерак, каб хапіла на ўвесь дзіцячы дом.
XS
SM
MD
LG