Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пуцін правёў у Беларусі паўсутак


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

1 чэрвеня завяршыўся візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Беларусь, першы з сэрыі яго кароткатэрміновых замежных візытаў. Кіраўнік Беларусі сустракаў і праводзіў Пуціна ў аэрапорце.

Аб 11-й гадзіне 1-га чэрвеня на пустыннай плошчы Перамогі ў Менску Ўладзімер Пуцін усклаў вянкі да манумэнту. Апошняе мерапрыемства візыту праходзіла пад вялікай аховай, вакол плошчы было шмат супрацоўнікаў міліцыі, спэцслужбаў, а таксама спэцтэхніка. Ля кожнага пад’езду дамоў побач з плошчай дзяжурылі асобы ў цывільным і ў форме. На плошчу прапускалі толькі праз мэталашукальнікі. Таксама быў перакрыты бліжэйшы выхад з мэтро.

Ходнікі на плошчу былі перагароджаныя

Ходнікі на плошчу былі перагароджаныя


На бальконе дома, якія прылягае да плошчы, нехта вывесіў бялізну

На бальконе дома, якія прылягае да плошчы, нехта вывесіў бялізну


Плошча выглядала пустыннай

Плошча выглядала пустыннай


Адразу пасьля ўскладаньня вянка расейскі прэзыдэнт накіраваўся ў аэрапорт, а адтуль у Бэрлін. Лукашэнка праводзіў Пуціна, коратка пагутарыўшы зь ім перад адлётам. Калі ўлічыць, што Пуцін прыбыў у Менск 31 траўня напрыканцы працоўнага дня, то сам візыт цягнуўся паўсутак. Перамовы адбыліся ў загараднай рэзыдэнцыі «Заслаўе» ў вячэрнім змроку, каля адной гадзіны тэт-а-тэт і яшчэ прыкладна столькі ж у пашыраным фармаце. Выступы перад журналістамі адбываліся на добра чутным фоне птушыных сьпеваў. Афіцыйная прэса назвала візыт «сардэчнай сустрэчай у Менску». Вітаючы Пуціна, Лукашэнка сказаў: «Сардэчна запрашаем у вашу Беларусь». Ён казаў, што Беларусь і Расея як ніколі адзіныя і трэба спыняць канкураваць адзін з адным у рамках Мытнага саюзу.

«Мы абмяркоўвалі ўсе пытаньні — ад тарыфаў да адзіных праектаў стварэньня сумесных беларуска-расейскіх прадпрыемстваў, холдынгаў на тэрыторыі Адзінай эканамічнай прасторы. Я вам вельмі ўдзячны за гэты візыт. Гэты візыт важнейшы за многія эканамічныя дамоўленасьці Беларусі і Расеі, а таксама і зь іншымі дзяржавамі. Беларусь — самы блізкі і верны хаўрусьнік Расеі».

Уладзімер Пуцін паведаміў аб прынятым рашэньні выдаць афіцыйнаму Менску трэці транш крэдыту з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС і пачаць перамовы адносна чацьвёртага. Паводле ягоных слоў, абмяркоўвалася будаўніцтва беларускай АЭС і стварэньне холдынгу «РасБелаўта» на базе КамАЗа і МАЗа. Таксама закраналася пытаньне пашырэньня перавалкі беларускіх грузаў праз расейскія парты на Балтыцы. Пуцін адзначыў, што па розных каналах за кароткі час Расея аказала Беларусі дапамогу ў 5 мільярдаў даляраў.

Камэнтуючы вынікі візыту, намесьнік старшыні АГП Леў Марголін адзначыў, што гучныя заявы падчас візыту выгадныя абодвум бакам. Лукашэнка ведае, што ўсё залежыць ад таго, што ён вытаргуе ў Расеі:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Калі заяўляецца, што мы нечага дамагліся і зноў пойдуць крэдыты, то народ нібыта і спакайнейшы становіцца. Але пасьля гучных заяў пачынаецца тэхнічная праца. Тады і выяўляецца, што з крэдытам ня ўсё так проста».

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў мяркуе, што сустрэча мела характар паўзы:

«Пуцін выслухаў усе просьбы Лукашэнкі. Вырашаць цяпер праблемы з траншам, які запазьніўся на чатыры месяцы, было ўжо бессэнсоўна. І было вырашана, што выкананьне ўсіх умоваў аб прадстаўленьні крэдыту будзе абмяркоўвацца ў рамках падрыхтоўкі чацьвёртага траншу. То бок Лукашэнка атрымаў часовую адтэрміноўку. Я думаю, лета. Усё, што трэба вярнуць, — пра гэта гаворка пойдзе восеньню».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG