Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле пракамэнтаваў нашаму радыё адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам у кантэксьце ўчорашняга візыту прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Менску.

У прыватнасьці, спадар Фюле сказаў:

«Некаторыя людзі думаюць, што адносіны Эўразьвязу зь Беларусьсю і Расеяй адбываюцца паводле прынцыпу нейкага конкурсу прыгажосьці. Я на гэта так не гляджу. Добрыя адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй ― у інтарэсах Брусэля, у інтарэсах усіх краінаў-сяброў Эўразьвязу. Мы са свайго боку таксама зацікаўленыя падтрымліваць добрыя адносіны. Мы зацікаўленыя, каб беларусы маглі пакарыстацца ўсім, што мы можам запрапанаваць. А сьпіс нашых прапановаў вельмі доўгі. Мы зацікаўленыя набліжэньнем Беларусі да Эўразьвязу. І мы не патрабуем, каб гэты працэс адбываўся коштам добрых адносінаў паміж Беларусьсю і Расеяй.

Але ёсьць адна розьніца паміж намі. У адносінах Масквы зь Менскам, як відаць, няма папярэдніх умоваў, якія ёсьць у адносінах Брусэлю зь Менскам. У нас ёсьць такія папярэднія ўмовы, зьвязаныя з вызваленьнем палітвязьняў і пашанай нашых каштоўнасьцяў і прынцыпаў. Адносіны, у якіх мы можам унесьці сваю долю ― я тут кажу ня толькі пра грошы ― мусяць быць абапертыя на каштоўнасьці і прынцыпы, якія мы падзяляем. Калі адзін бок іх не прытрымліваецца, дык, на жаль, гэта мае ўплыў на ўзаемныя адносіны».
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG