Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магло скончыцца «беларускае лета» маўклівых пратэстаў тым жа, чым скончылася «арабская вясна»? На гэтае пытаньне мы папрасілі адказаць палітоляга Ўладзімера Мацкевіча.

1 чэрвеня 2011 году адбылася першая маўклівая акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску. Яна была арганізаваная праз сацыяльныя сеткі. Першая акцыя была нешматлікая і засталася амаль незаўважанай. Праз тыдзень, 8 чэрвеня, на плошчу выйшлі сотні людзей. Да канца лета па серадах у Менску і іншых гарадах зьбіраліся пляскаць у ладкі альбо шпацыраваць на знак пратэсту супраць дзейнай улады тысячы чалавек.

Міліцыя спачатку ня ведала, што рабіць, бо ніякага закону людзі не парушалі. Але потым, пасьля загаду зьверху, гэтыя акцыі пачалі жорстка разганяць, а іх удзельнікаў засуджваць на адміністратыўны арышт. Да канца лета рэпрэсіі прыпынілі актыўнасьць суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», якая арганізоўвала пратэсты. Пратэст прыняў новыя формы, але такім масавым ужо ня быў.

Менскі палітоляг Уладзімер Мацкевіч не вылучае леташнія маўклівыя акцыі ў нейкую асобную зьяву: спантанныя акцыі пратэсту былі і пасьля рэфэрэндуму 2004 году, і пасьля выбараў 2006 году.

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Час ад часу палітычныя падзеі проста ўзбуджаюць новых людзей, якія да гэтага не займаліся ніякай палітыкай і, напэўна, і надалей ня будуць ёю займацца. Але ім становіцца вельмі крыўдна ад таго, што адбываецца ў нашай палітыцы. Маўклівыя акцыі не былі такія ўжо моцныя і масавыя, але ўлады іх баяліся, бо пасьля таго жорсткага рэпрэсіўнага паўгодзьдзя, якое надышло пасьля 19 сьнежня, любы супраціў падаваўся ім небясьпечным».

Але перамогі маўклівых акцыяў не магло быць і без рэпрэсіяў, кажа спадар Мацкевіч:

«Яны таму і маўклівыя, што няма чаго прапанаваць станоўчага. Яны ня столькі былі задушаныя, колькі не было станоўчай прапановы. Пратэст „супраць“ выклікаў усплёск актыўнасьці людзей на кароткі час. Каб сталей працаваць на штосьці, патрэбная станоўчая прапанова. Для чаго? Калі гэтага няма, то любыя акцыі пратэсту зьнікаюць. Гэта было раней, гэта сталася з маўклівымі акцыямі. Напэўна, стане і з маскоўскімі пратэстамі».

Нельга параўноўваць маўклівыя акцыі ў Беларусі з «арабскай вясной»: падобным было толькі выкарыстаньне сацыяльных сетак для арганізацыі, а паўтарыць тое, што адбывалася ў іншых умовах, немагчыма, перакананы Ўладзімер Мацкевіч.
XS
SM
MD
LG