Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама выбачыўся перад палякамі


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў адмысловым лісьце да свайго польскага калегі Браніслава Камароўскага выбачыўся за выраз «польскія лягеры сьмерці», якое ўжыў некалькі дзён таму, падчас уручэньня Мэдаля Свабоды польскаму герою часоў ІІ сусьветнай вайны Яну Карскаму.

«Яго перакінулі ў варшаўскае гета і польскі лягер сьмерці», — менавіта гэтыя словы Барака Абамы выклікалі хвалю крытыкі ў Польшчы. Кур’ер Арміі Краёвай Ян Карскі сапраўды добраахвотна пайшоў у гета і канцлягэр, каб на ўласныя вочы пабачыць, як зьнішчаюць габрэяў ды пераказаць гэтую інфармацыю сьвету, але лягер гэты быў ня польскі, а «нацысцкі лягер сьмерці, які месьціўся на акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы» — менавіта на такой фармулёўцы настойваюць польскія ўлады.

«Несправядлівыя і балючыя для нас усіх словы прэзыдэнта ЗША пра польскія лягеры сьмерці, я перакананы, не адлюстроўваюць ані пазыцыі ані намераў нашых амэрыканскіх сяброў. Мы добра ведаем у Польшчы, што такая фармулёўка ня толькі балючая і несправядлівая, але гэта папросту няпраўда», — заявіў у сераду прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі ды накіраваў Бараку Абаму ліст у гэтай справе.

У сваім адказе амэрыканскі прэзыдэнт выказвае шкадаваньне з нагоды «прыкрай памылкі», ды адзначае, што «польскіх лягераў сьмерці не было», іх пабудавалі ды абслугоўвалі нацысты на акупаваных польскіх тэрыторыях. Барак Абама падкрэсьліў таксама, што «цяпер ёсьць шанец зрабіць так, каб сёньняшняе ды будучыя пакаленьні ведалі праўду» пра тыя падзеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG