Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 траўня беларускія эколягі перадалі ў амбасаду Расеі пэтыцыю супраць будаўніцтва Беларускай АЭС. Дакумэнт адрасаваны прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, які падчас візыту ў Менск плянуе абмеркаваць гэтае пытаньне. Госьць Свабоды – вядомы навуковец-ядзершчык прафэсар Георгі Лепін.

Абламейка: Найперш, скажыце, калі ласка, ці вярнулі вам ужо матэрыялы і дакумэнты, забраныя падчас нядзельнага затрыманьня ў раёне стадыёну «Трактар»?

Лепін: Не, не вярнулі. І калі я настойліва патрабаваў іх вярнуць, яны мяне проста выштурхалі за дзьверы і нават не адказалі на гэтае пытаньне.

Абламейка: Гэта вялікая для вас страта?

Лепін: Так, сур'ёзная. Там матэрыялы аднаго вельмі цікавага дасьледніка, які займаўся экалёгіяй, эканомікай, які перадаў мне гэтыя матэрыялы, а сам два месяцы таму пайшоў з жыцьця.

Абламейка: А як вы лічыце, наколькі пэрспэктыўныя ў Беларусі ветрапаркі і сонечныя электрастанцыі?

Лепін: Паводле ветравой нагрузкі Беларусь прыблізна роўная сярэдняй частцы Нямеччыны, дзе ўсталяваныя тысячы ветраагрэгатаў. Сёньня Нямеччына атрымлівае ад ветракоў энэргіі ня менш, чым атрымлівала ад усіх сваіх атамных рэактараў. Таму яны без асаблівага апасеньня адмаўляюцца ад атамнай энэргіі.

Абламейка: Я вам тэлефаную з Чэхіі, а тут вялікая колькасьць сонечных электрастанцыяў. А што ў Беларусі на гэты конт?

Лепін: У нас гэта толькі самыя-самыя прымітыўныя рэчы дзе-нідзе выкарыстоўваюцца. Для нагрэву вады, напрыклад. А сур'ёзнае ўвагі гэтаму не надаецца. Хоць для Беларусі пэрспэктыўная і ветравая і сонечная энэргетыка. Гэта без сумневаў.

Абламейка: А якія яшчэ, на вашу думку, альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі можа выкарыстоўваць Беларусь?

Лепін: У Беларусі ёсьць яшчэ запасы сланца. А цяпер сталі вельмі актыўна распрацоўваць сланцавы газ. Амэрыка нават за кошт свайго сланцавага газу хоча цалкам адмовіцца ад зьнешніх паставак газу. Цяпер ёсьць распрацоўкі ў галіне нетрадыцыйнай энэргетыкі. Гэта, да прыкладу, устаноўкі халоднага сынтэзу. Гэта ядзерны сынтэз пры нармальнай, пакаёвай тэмпэратуры. Ёсьць ужо так званыя бяспаліўныя рухавікі. Але трэба гэтыя распрацоўкі ўкараняць.

Абламейка: А якая ваша вэрсія? Нашто ў Беларусі будуюць АЭС?

Лепін: Я вось толькі пачуў у навінах, што вырашылі будаваць ЦЭЦ у Берасьці. ЦЭЦ вельмі выгадная рэч, бо яна вырабляе і электраэнэргію і цяпло. Сабекошт энэргіі на ЦЭЦ парадку трох амэрыканскіх цэнтаў за кіляват-гадзіну. Тады як на атамнай электрастанцыі – парадку 15-20 цэнтаў. Дык вось што цікава. Будуецца гэтая ЦЭЦ, зьбіраюцца збудаваць ветрапарк і ў той жа час працягваюць прабіваць гэтую АЭС. Навошта? Яна ж вельмі лёгка замяшчаецца іншымі відамі энэргетыкі. Значыць, мэта тут нейкая іншая. Не для электраэнэргіі.

Абламейка: А якія вашы меркаваньні на гэты конт?

Лепін: Я ведаю, навошта будавалі, напрыклад АЭС у Пакістане ці іншых неразьвітых краінах. Яны рвуцца да валоданьня атамнай энэргіяй як да прэстыжнага моманту. Па-другое, АЭС дае адпрацаванае паліва, якое выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах, для стварэньня бомбы. Вось гэтыя ўсе краіны менавіта з гэтай мэтай будуюць у сябе атамныя станцыі. Нешта падобнае праяўляецца і ў нас.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

XS
SM
MD
LG