Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка гатовы да эўразійскай інтэграцыі


Погляд на інтэграцыю Беларусі, Расеі й Казахстана карыкатурыста Сабіта Курманбекава.

Погляд на інтэграцыю Беларусі, Расеі й Казахстана карыкатурыста Сабіта Курманбекава.

У Менск зь візытам прыбыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Ягоныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у рэзыдэнцыі «Заслаўе» праходзяць позна ўвечары з-за трохгадзіннага спазьненьня Пуціна, якога Лукашэнка быў вымушаны чакаць ў аэрапорце.

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі згадвае, што Пуцін у часе сваіх прыездаў у Менск ніколі не выконваў прымаўку «дакладнасьць — ветлівасьць каралёў», ён заўсёды спазьняўся, а сёньня адстаў ад графіку амаль на тры гадзіны:

«Гэта ўжо, відаць, стыль, падкрэсьліваньне свайго статусу, што маўляў, малодшы брат можа і пачакаць».

Падчас перамоваў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін абмяняліся камплімэнтамі наконт інтэграцыйных посьпехаў. Уладзімер Пуцін заявіў:

«Гэта мая першая паездка за межы Расеі пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта. Гэта натуральна. Беларусь ня проста наш блізкі, яна асаблівы партнэр».

Пуцін акцэнтаваў увагу на прагрэсе ў разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, паведаміў пра рост узаемнага таваразвароту на 40% па выніках 2011 году — да ўзроўню амаль $ 40 млрд.

Пуцін падзякаваў Лукашэнку за яго «актыўную падтрымку інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы» і выказаў гатоўнасьць абмеркаваць увесь комплекс актуальных пытаньняў, якія стаяць на парадку дня двух дзяржаў.
Гэта хаўрус аўтарытарных кіраўнікоў, таму яны мусяць кучкавацца.

Аляксандар Класкоўскі называе гэтыя заявы банальнай рыторыкай, якая тым ня меней адлюстроўвае блізкасьць рэжымаў у Маскве і Менску:

«Пуцін і Лукашэнка зьвязаныя адным ланцугом, гэта два аўтарытарныя кіраўнікі. Ну, далучылі Назарбаева, цяпер яны ў тройцы, але ўсё роўна гэта хаўрус аўтарытарных кіраўнікоў, таму яны мусяць кучкавацца».

Аляксандар Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што галоўны вынік супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў сфэры палітыкі — стварэньне Саюзнай дзяржавы:

«У нас няма мяжы паміж дзьвюма краінамі, у нас людзі спакойна перамяшчаюцца, маюць роўныя правы, мы маем адзіную абаронную прастору, агульныя войскі супрацьпаветранай абароны, саюзную групоўку на заходнім кірунку і многае іншае».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў гэтым кірунку неабходна дзейнічаць і далей, умацоўваючы і прасоўваючы праект саюзнай дзяржавы.

Палітоляг Алесь Лагвінец мяркуе, што Лукашэнку важна казаць пра саюзную дзяржаву, бо гэта пярэчыць падыходам Пуціна на разьвіцьцё Мытнага саюзу, і гэта нібыта падкрэсьлівае значнасьць Беларусі для Расеі:
Гэта палітычная гульня Лукашэнкі, каб загаварыць пытаньне супрацоўніцтва з Расеяй на расейскіх умовах.

«Гэта палітычная гульня Лукашэнкі, каб сканцэнтраваць увагу на рэчах, якія ўжо маюць пэўную мэдыйную афарбоўку, каб загаварыць пытаньне супрацоўніцтва з Расеяй на расейскіх умовах».

Разам з тым Лукашэнка станоўча ацаніў і прапановы Пуціна аб эўразійскай інтэграцыі:

«Мы стварылі Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору. Упэўнены, што вэктар эўразійскай прасторы Расея будзе разьвіваць і ўмацоўваць. Мы да гэтага гатовыя», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БЕЛТА.

Алесь Лагвінец перакананы, што пуцінскі праект Эўразійскага саюзу нясе небясьпеку беларускаму сувэрэнітэту:

«Калі мы кажам пра Беларусь, краіну са слабай эканомікай, вельмі своеасаблівай палітычнай сыстэмай і слабым нацыянальным самаўсьведамленьнем, то вельмі блізкае ўзаемадзеяньне з такім вонкавым гегемонам, якім зьяўяецца Расея, відавочна, нясе пагрозу незалежнасьці нашай краіны».

Алесь Лагвінец мяркуе, што Лукашэнка будзе ня толькі шмат гаварыць пра эўразійскую інтэграцыю, але будзе вымушаны Масквою ісьці на канкрэтныя крокі, бо Расея мае мэханізмы ўзьдзеяньня на беларускія ўлады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG