Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнку могуць судзіць яшчэ ў 4-х справах


Усьлед за справай Аб’яднаных энэргетычных сыстэмаў Украіны (АЭСУ), былога прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнку могуць судзіць яшчэ ў чатырох крымінальных справах. Пра гэта ў інтэрвію часопісу «Фокус» заявіў генэральны пракурор Украіны Віктар Пшонка.

Паводле яго словаў, «ужо даказана следзтвам, што больш за 2 мільёны даляраў было пералічана зь фінансавых рахункаў фірмаў, падкантрольных Юліі Цімашэнцы і Паўлу Лазарэнку, на рахункі выканаўцаў забойства бізнэсмэна Яўгена Шчэрбаня».

Акрамя таго, паводле Пшонкі, імя Юліі Цімашэнкі фігуруе ў справе аб даўгу карпарацыі АЭСУ 405,5 мільёна даляраў перад Міністэрствам абароны Расеі. «Грошы атрымалі, але абавязаньні ня выканалі. З улікам таго, што тагачасны прэм’ер-міністар Павал Лазарэнка даў дзяржаўныя гарантыі, гэты доўг лёг на Ўкраіну. Гэтая справа цяпер расьсьледуецца Службай бясьпекі Ўкраіны» — дадаў пракурор.

Кіраўнік Генпракуратуры таксама паведаміў, што завершана сьледзтва ў двух іншых справах, у якіх фігуруе Цімашэнка — адна датычыць грошай Кіёцкага пратаколу, а другая закупкі санітарных аўтамабіляў.

«Генэральная пракуратура Ўкраіны чакае выздараўленьня былога кіраўніка ўраду Юліі Цімашэнкі, каб паставіць ёй абвінавачаньне ў справе аб забойстве бізнэсмэна Яўгена Шчэрбаня, якога застрэлілі ў Данецку ў 1996 годзе» — піша выданьне «Фокус».

Цяпер Юлія Цімашэнка адбывае пакараньне 7 гадамі зьняволеньня з абвінавачаньнем у перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых пагадненьняў з Расеяй у 2009 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG